Як будзем сеяць. У райвыканкаме абмеркавалі падрыхтоўку АПК да вясенніх работ

Деньги
Гатоўнасць сельскагаспадарчых арганізацый Браслаўшчыны да вясенніх палявых работ абмеркавалі на пасяджэнні раённага выканаўчага камітэта. Удзел у ім прыняў першы намеснік старшыні камітэта па сельскай гаспадарцы і прадуктах харчавання аблвыканкама Уладзімір Машэра.

Як адзначыла першы намеснік начальніка райсельгасхарча Людміла Маслоўская, структура пасяўных плошчаў у раёне на 2021 год сфарміравана зыходзячы з уласных патрэб раёна ў раслінаводчай прадукцыі. Агульная плошча засеяных зямель сёлета складзе амаль 41 тыс. га.

Збожжавымі і зернебабовымі культурамі плануецца заняць 16 тыс. га, ці 39 % у агульнай структуры плошчаў, крыжакветкавымі – 4 тыс. (9,8 %), кукурузай на зерне – 0,75 (1,8 %) і на сілас – 2,8 (7 %), адналетнікамі – 2,3 (5,7 %), мнагалетнімі травамі – 15 (36,7 %). Пры гэтым з улікам ужо пасеяных азімых вясной неабходна засеяць 17,8 тысячы гектараў, а на 11,4 тыс. га – яшчэ і правесці ворыва.

Забяспечанасць насеннем збожжавых і зернебабовых культур, па словах Л. Маслоўскай, у раёне стапрацэнтная. Тым часам у шэрагу гаспадарак пакуль не хапае насення траў. Недахоп плануецца ліквідаваць за кошт унутрыраённага пераразмеркавання і завозу з ААТ «Віцебскае насенне траў».

Няпростая сітуацыя складваецца з мінеральнымі ўгнаеннямі: пры патрэбе ў 8,7 тысячы тон пакуль назапашана толькі 460 т, што складае 5,3 %. З арганікай справы складваюцца лепш: на палеткі яе ўжо вывезена амаль 160 тысяч тон з 240.

Што тычыцца падрыхтоўкі тэхнікі, то да пачатку актыўнай фазы вясенніх палявых работ нашым сельгаспрадпрыемствам яшчэ неабходна адрамантаваць 36 трактароў усіх марак, у тым ліку 14 энерганасычаных, а таксама 12 камбінаваных глебаапрацоўчых агрэгатаў. «Цяпер працэнт гатоўнасці тэхнікі складае 73 – для трактароў, 70 – для плугоў, 68 – культыватараў і 63 – пасяўных агрэгатаў», – падкрэсліла намеснік старшыні райсельгасхарча.

На пасяўную кампанію гаспадаркам раёна неабходна звыш 1,8 тысячы тон дызельнага паліва, 169 тон бензіну і амаль 50 тон масла на агульную суму 4,3 млн рублёў. У якасці крыніц фінансавання пад гэтыя патрэбы называюцца крэдытныя і ўласныя сродкі, а таксама надбаўкі за рэалізаваную дзяржаве прадукцыю.

Каб у тэрмін правесці сяўбу, неабходна поўная аддача ад 242 механізатараў, у тым ліку 70 – для двухзменнай работы на энерганасычанай тэхніцы. Гаспадаркі цяпер маюць 196 такіх кадраў, астатнімі па традыцыі дапамогуць работнікі іншых сфер, у тым ліку гарадскіх арганізацый. На гэтым фоне старшыня райвыканкама Аляксандр Баданін звярнуў увагу, што ў мінулым годзе браслаўскія аграрыі атрымалі добры ўраджай і цалкам выканалі паказчыкі па валавой вытворчасці ў галіне. Паводле яго слоў, планку неабходна трымаць і сёлета. «Таму мала быць статыстамі, трэба ўпэўнена валодаць сітуацыяй і эфектыўна кіраваць ёй», – адзначыў галава раёна, звяртаючыся да адказных кіраўнікоў і спецыялістаў.

У сваю чаргу Уладзімір Машэра нагадаў: сеяць трэба ў аптымальныя тэрміны, інакш прадуктыўнасць праведзеных работ рэзка зніжаецца, што нельга сказаць пра затраты. «Складанага тут нічога няма. Трэба толькі распрацаваць стратэгічную лінію кампаніі і прытрымлівацца яе. Пры гэтым на рахунку павінен быць літаральна кожны дзень», – рэзюмаваў ён. ■

Вячаслаў КАЛАДЫНСКІ