Адданая сваёй прафесіі

Главное

У паліклініцы цэнтральнай бальніцы ёсць працэдурны кабінет, дзе робяць унутрывенныя, унутрымышачныя ін’екцыі, аказваюць экстранную дапамогу чалавеку. А працуе там на працягу многіх гадоў Лілія Кажара.
У 1989 годзе яна закончыла Даўгаўпілскае медыцынскае вучылішча. Працавала і ў хірургічным, і ў дзіцячым аддзяленнях, але, па яе ўласным прызнанні, знайшла сябе менавіта ў працэдурным кабінеце, бо ўпэўнена, што тут аказвае кожнаму чалавеку, які да яе звяртаецца, канкрэтную дапамогу.
Найбольш пацыентаў у працэдурным кабінеце бывае восенню, калі заканчваюцца ўсе сельгасработы, і вясной, калі пасаджаны агароды ў сялян. У такі час даводзіцца іншы раз прымаць да 50 чалавек, але Л. Кажара ніколі не скардзіцца на цяжкасці ці павышаную нагрузку. Свае службовыя абавязкі яна выконвае штодня проста на выдатна. Паверце, сама неаднойчы ў гэтым упэўнівалася.
Па слядах мамы пайшла і дачка Яна. Хоць, праўда, многія маміны сяброўкі адгаворвалі яе ад выбару такой складанай прафесіі. Аднак дзяўчына нікога не паслухала. Закончыла медвучылішча, зараз завочна атрымлівае вышэйшую адукацыю. А працуе Яна ў Віцебскім доме дзіцяці. Л. Кажара, з аднаго боку, нібыта і не надта задаволена выбарам дачкі, а з другога, як падалося, і ганарыцца, што Яна звязала свой лёс з медыцынай. Дынастыя працягваецца.
У кожнай жанчыны не так шмат часу пасля хатніх клопатаў для хобі. А захапленне ў Ліліі Кажары ёсць і не зусім звычайнае. Гэта – рыбалка. Яна вельмі любіць пасядзець з вудай на браслаўскіх азёрах. І, дарэчы, перавагу аддае менавіта зімовай рыбалцы, а не летняй. Самы запамінальны яе ўлоў — лешч.
Дарэчы, яшчэ адно захапленне гэтай жанчыны – грыбы. Яна з вялікім задавальненнем кожную восень адпраўляецца за імі ў лес. Браслаўшчына для Лілі — самы любімы край. Тут нарадзілася, вырасла, і тут згадзілася.

Тэкст і фота
Зінаіды Палулех.