У мінулым годзе для папулярызацыі відзаўскага краю выдадзены буклеты, календары, блакноты. Надрукаваны яны ў Пастаўскай і Полацкай друкарнях невялікімі тыражамі, прыгожа аздоблены фотаздымкамі мясцовых краявідаў, утрымліваюць інфармацыю пра сельсавет, медыцынскае, гандлёвае, бытавое абслугоўванне на яго тэрыторыі. На ўсіх рэкламных праспектах змешчаны выявы герба і флага гарадскога пасёлка Відзы, якія зацверджаны ўказам прэзідэнта 9 лютага 2004 года.
Ідэя выпусціць такую рэкламную прадукцыю належыць старшыні сельсавета Мар’яну Хадасевічу. Падтрымалі яе мясцовыя прадпрымальнікі, якія выдзелілі сродкі на выдавецтва.
Згадзіліся набыткі суседзяў
Сельвыканкам разам з дэпутатамі, старэйшынамі, кіраўнікамі сельгасаргані-зацый, устаноў штогод займаюцца добраўпарадкаваннем населеных пунктаў і навядзеннем парадку на зямлі.
У мінулым годзе старшыня райсавета Ніна Пучынская арганізавала для старшынь сельсаветаў раёна экскурсію ва Удзелаўскі сельсавет Глыбоцкага раёна. Шмат новага і неардынарнага яны змаглі ўбачыць там менавіта па добраўпарадкаванні вёсак. У прыватнасці, старшыні Відзаўскага сельсавета Мар’яну Хадасевічу вельмі спадабаліся жывыя агароджы. Восенню амаль на 20 млн. руб. набылі ў Глыбоцкім гадавальніку саджанцаў і высадзілі ўздоўж вул. Ленінскай у гарпасёлку і ў вёсцы Ліпалаты. Жывыя насаджэнні сталі сапраўдным упрыгажэннем гэтых населеных пунктаў.
А ў памяшканні сельвыканкама нядаўна з’явіўся стэнд, на якім змешчаны фотаздымкі найлепш дагледжаных сядзіб і культурна-бытавых аб’ектаў. Усе, хто прыходзіць у сельвыканкам, могуць палюбавацца імі.
Еўраопт прыйдзе да вяскоўцаў
Нядаўна Відзаўскі сельвыканкам падпісаў дагавор з прадстаўніцтвам еўраопта на абслугоўванне дрысвяцкай зоны прадуктамі харчавання. Для еўраопта гэта свайго роду эксперымент, на які яго прадстаўнікі ідуць упершыню.
Аўтамагазін будзе прыходзіць да вяскоўцаў у вызначаныя дні. Прывозіць будуць тыя тавары, якія ёсць у продажы ў браслаўскім магазіне еўраопта. На некаторыя прадукты можна будзе зрабіць папярэдні заказ.
Калі эксперымент зарэкамендуе сябе станоўча, у будучым зону абслугоўвання можна будзе пашырыць.
Зінаіда Палулех.