Старшыня райсавета Ніна Пучынская правяла 23 студзеня выязны прыём грамадзян у Відзаўскім сельвыканкаме. З-за вялікага марозу мясцовыя жыхары аддалі перавагу тэлефонным зносінам з Н. Пучынскай, а не асабістай сустрэчы.
Яніна Кісель з Відзаў-Лаўчынскіх цікавілася ў старшыні райсавета, ці магчыма вырашыць у хуткім часе пытанне са спрошчаным перасячэннем граніцы з Літвой для жыхароў памежных тэрыторый. У яе ў 3 км ад вёскі, а гэта ўжо літоўская тэрыторыя, пахаваны бацькі. І кожны раз, як толькі збіраецца наведаць могілкі, узнікае нямала праблем з атрыманнем візы, паездкамі для яе афармлення ў Мінск, бо менавіта там знаходзіцца пасольства.
Ніна Пучынская патлумачыла, што на апошнім пасяджэнні еўрарэгіёна “Азёрны край”, якое праходзіла напрыканцы мінулага года ў Верхнядзвінску, гэта пытанне ўсебакова абмяркоўвалася. У спро-шчаным парадку перасячэння граніцы з Літвой заці-каўлены жыхары з абодвух бакоў мяжы. Пакуль канчатковага рашэння па гэтай праблеме не прынята.
Н. Пучынская выбрана старшынёй праўлення савета еўрарэгіёна “Азёрны край” з беларускага боку. Яна абяцала ў меру сваіх паўнамоцтваў пасадзейнічаць у вырашэнні гэтага пытання.
Зінаіда Голубева з Відзаў-Лаўчынскіх з хваляваннем у голасе гаварыла, што на стараверскіх могілках у іх вёсцы вельмі шмат аварыйных дрэў. Н. Пучынская дала даручэнне старшыні Відзаўскага сельвыканкама М. Хадасевічу аказаць дапамогу ва ўборцы аварыйных дрэў. Устаноўлены і тэрмін выканання гэтых работ — красавік – май.
Жанчына выказала таксама просьбу зрабіць нармальны падыход да сера-вадароднай крыніцы, якая вядома далёка за межамі нашага раёна. Многія людзі, якія прыязджаюць на Браслаўшчыну на адпачынак, жадаюць наведаць гэта месца, але дайсці да яго ў вясенне-летні перыяд проста немагчыма. Драўляны насціл, які чатыры гады таму назад быў зроблены, згніў.
Н. Пучынская звязалася па тэлефоне з генеральным дырэктарам НП “Браслаўскія азёры” С. Зінькевічам, менавіта за гэтай арганізацыяй замацаваны аб’ект. Сяргей Мікалаевіч паабяцаў, што вясной падыход да крыніцы будзе абавязкова зроблены. Да работы па навядзенні парадку на гэтым участку абяцалі далучыцца таксама работнікі і навучэнцы Відзаўскага каледжа.
Старэйшыну вёскі Відзы-Лаўчынскія Лізавету Мачульскую хвалюе пытанне, чаму ў нарыхтоўчых магазінах перасталі прымаць воўну. Вяскоўцам, якія трымаюць авечак, а на тэрыторыі сельсавета такіх нямала (летась на падвор’ях трымалі 348 галоў), воўну даводзіцца выкідваць.
За адказам на гэта пытанне Н. Пучынская звярнулася да старшыні праўлення райпа Л. Бабенкі. Яна патлумачыла, што праблема з прыёмам воўны сапраўды існуе. Мілавіцкая фабрыка, якая вырабляе валёнкі, перастала прымаць воўну ад спажывецкай кааперацыі, а прывозіць яе з Казахстана, бо беларуская воўна не падыходзіць для вырабу гэтага абутку. Аднак Л. Бабенка паабяцала знайсці іншыя рынкі збыту гэтай сыравіны і праінфармаваць жыхароў раёна.
Завітаў на прыём да старшыні райсавета былы дэпутат Палаты прадстаў-нікоў Нацыянальнага сходу РБ першага склікання Алег Лапкоўскі (на здымку). Ён выказаў свае прапановы і меркаванне па замацаванні на вёсцы маладых педагогаў, магчымыя рэсурсы павелічэння ім заработнай платы і стымулявання творчай ініцыятывы. Н. Пучынская ўважліва яго вы-слухала і абяцала перадаць прапановы начальніку РАА І. Абаровічу.
А ад імя ўсіх жыхароў сельсавета І. Лапкоўскі пацікавіўся, ці будзе сёлета СВК “Маяк Браслаўскі”, як летась, прадаваць парасят з выездам на месца.
Гэта пытанне старшыня райсавета адрасавала старшыні сельгаскааператыва Р. Шукялю. Ён сказаў, што летась спецыялісты СВК выязджалі па два разы ў кожны сельсавет і па спісах прадавалі парасят. Людзям такая практыка падалася вельмі зручнай. Сёлета плануецца яе прадоўжыць.
Зінаіда Палулех.