Купляем лекі па новых правілах

Спрашивайте-отвечаем

У кастрычніку ўступіла ў сілу пастанова Міністэрства аховы здароўя № 66, згодна з якой зменены правілы выпіскі рэцэптаў і водпуску па іх лекаў у аптэках. Дакумент выклікаў вялікую колькасць пытанняў у пацыентаў, асабліва ў тых, у каго на руках засталіся рэцэпты, аформленыя па старых правілах. Таму ўзгаданыя змены і сталі асноўнай тэмай гутаркі з загадчыкам ЦА №105 Алінай Вайцяхоўскай.
— Аліна Рамуальдаўна, новыя правілы дадалі цяжкасцей у рабоце?
— Асаблівых складанасцей у сувязі з прыняццем пастановы мы не заўважылі. Асноўнае новаўвядзенне: рэцэпты ўрача павінны зараз заставацца ў аптэцы. Ільготныя рэцэпты і раней ужо так захоўваліся, цяпер гэта датычыцца лекаў, якія адпускаюцца за поўны кошт.
— Чым былі выкліканы такія змены?
— Прынятыя меры накіраваны на абмежаванне бескантрольнага самалячэння. Па даных Сусветнай арганізацыі аховы здароўя, каля 3 млн чалавек штогод атрымліваюць ускладненні ад бескантрольнага прыёму лекаў. Безадказнае самалячэнне прывяло да з’яўлення лекавай устойлівасці да туберкулёзу, развіцця рэзістэнтнасці да антыбіётыкаў, росту алергічных захворванняў, дызбактэрыёзу і гарманальных парушэнняў.
— Як быць, калі хвораму лекі патрабуюцца неадкладна?
— Спіс прэпаратаў, якія патрабуюць рэцэпта, не мяняўся. З ім можна азнаёміцца на інфармацыйным стэндзе ў аптэцы. Зараз у Беларусі зарэгістравана 5032 назвы лекавых сродкаў, 41% з іх адпускаецца па рэцэпце ўрача, без рэцэпта — 59%. У пералік безрэцэптурных прэпаратаў уваходзяць усе лекавыя сродкі, неабходныя для аказання дапамогі. Гэта сродкі, прызначаныя для экстранага зняцця высокага крывянага ціску, лекі, якія прымяняюцца пры павышэнні тэмпературы і першых прыкметах ВРВІ, сродкі для лячэння кішэчных расстройстваў, супрацьмікробныя прэпараты і многае іншае.
— Пацыентам, якія маюць хранічныя захворванні, зараз прыйдзецца часцей наведваць ўрачоў?
— Для такіх хворых спецыяльна распрацаваны парадак выпіскі лекавых сродкаў на тэрмін лячэння да шасці месяцаў: урач выпіша 6 асобных рэцэптаў, на кожным з якіх прастаўляецца парадкавы нумар. І кожны месяц адзін з іх будзе заставацца ў аптэцы.
— Лекі зараз каштуюць дорага. Як быць тым жа пенсіянерам, якія раней куплялі палову ўпакоўкі?
— Правілы водпуску прэпаратаў не змяніліся. Не забараняецца прызначаць хвораму лекавыя сродкі ў колькасці, меншай, чым у завадской упакоўцы. Па жаданні пацыента ўрач можа выпісаць некалькі рэцэптаў для пакупкі па блістарах — пласцінах па 10—20 таблетак і г.д.
Дарэчы, у пастанове прапісана норма, якая прадугледжвае ўлік даступнасці лекаў па цане. Гэта азначае, што ў першую чаргу адпускаюцца прэпараты, якія закуплены па выніках дзяржаўных працэдур закупак лекавых сродкаў.
— Што рабіць, калі патрэбных лекаў няма ў аптэцы?
— Пры адсутнасці выпісанага лекавага сродку фармацэўтычны работнік аптэкі мае права са згоды пацыента замяніць прэпарат іншай гандлёвай назвай з улікам адпаведнасці міжнароднай непатэнтаванай назве, за выключэннем лекавых сродкаў і псіхатропных рэчываў, выпісаных бясплатна і на ільготных умовах.
— А старыя рэцэпты, выпісаныя раней, ужо нельга выкарыстоўваць?
— Па рэцэптах, выпісаных да ўступлення ў сілу пастановы, гэта значыць да 19 кастрычніка 2014 года, прэпараты адпускаюцца ў межах тэрміну дзеяння, абазначанага ўрачом. Пры гэтым у аптэцы застаецца ксеракопія рэцэпта.
— Ведаю, што раней ветэрынары прызначалі па паказаннях хатнім гадаванцам медпрэпараты, якіх у ветаптэках проста няма.
— Зараз, згодна з новымі правіламі, гаспадары хворых жывёл змогуць набыць у аптэцы толькі безрэцэптурныя лекавыя сродкі.
— Дзякуй, Аліна Рамуальдаўна, за змястоўную інфармацыю.
Гутарыла Жанна Бялько.