Не скарыўся грузу гадоў

Главное

IMG_7989 (Small)Канстанцін Алексяевіч адзначае свой сямідзесяцігадовы юбілей 20 лютага. Аднак па яго выглядзе не скажаш, што яму столькі гадоў, бо на парозе ўласнага дома ў Казянах мяне сустрэў статны, дагледжаны мужчына. Праўда, падчас размовы прагаварыўся, што не ўсё ў парадку цяпер са здароўем, але выгляду асабліва не падаваў. Трымаўся.
Канстанцін Іванавіч — вядомы на Казяншчыне чалавек. Прыехаў ён сюды з Гродзенскай вобласці аграномам у калгас “Гвардыя” пасля заканчэння сельгасінстытута. Размеркаваўся туды таму, што родам з Казян была яго жонка, якая вучылася за кошт гаспадаркі і павінна была вярнуцца сюды на працу.
У той час “Гвардыя” была адной з буйнейшых гаспадарак у раёне. Мела 2 тыс. га ворыўных зямель, ад кожнай каровы даілі ў сярэднім па 3 тыс. тон малака, за год здавалі па 350 – 400 тон мяса, а ўраджайнасць збожжавых была не менш за 27 – 30 цэнтнераў з гектара. Гэта былі лепшыя гады для “Гвардыі”.
Менавіта тады Канстанцін Алексяевіч узначаліў калгас. Пры яго кіраўніцтве вытворчыя паказчыкі не знізіліся. Праўда, як сёння прызнаецца К. Алексяевіч, магчыма, не хапала гібкасці ў адносінах з раённай уладай. Кажа, што быў прамалінейным і, не гледзячы на аўтарытэты, рэзаў праўду — матку ў вочы. А гэта, вядома, не ўсім падабалася. Таму зноў папрасіўся ў аграномы, каб працаваць па абранай спецыяльнасці.
Шэсць гадоў на старшынёўскай пасадзе не надта змянілі характар Канстанціна Іванавіча, але сярод мясцовых жыхароў дабавілі аўтарытэту. Магчыма, таму выбаршчыкі па Казянскай выбарчай акрузе і абралі яго старшынёй сельскага Савета дэпутатаў, бо ведалі, што яму неабыякавыя праблемы, якія хвалююць казянцаў.
Менавіта пры ім у Казянах быў пабудаваны Дом культуры, дзе размяшчалася праўленне калгаса, бібліятэка. Праўда, К. Алексяевіч ратаваў тады не толькі за будаўніцтва ДК, а і за ўзвядзенне школы, у якой займаліся каля 160 дзяцей, а вучнёўскія класы размяшчаліся, як, дарэчы, на жаль, і сёння, у сямі прыстасаваных збудаваннях. Сёння ж у школе толькі 57 вучняў у адрозненне ад тагачасных гадоў.
Трынаццаць гадоў ён быў старшынёй Казянскага сельскага Савета дэпутатаў, дапамагаў мясцовым жыхарам вырашаць іх надзённыя праблемы. Як зазначыў сам, людзі, магчыма, былі задаволены такім старшынёй, бо не скардзіліся на яго работу. І за ўвесь час на яго паступіла толькі адна скарга.
Надзейнай апорай па жыцці ў Канстанціна Іванавіча з’яўляецца яго жонка Лілія Пятроўна. У той час, як К. Алексяевіч працаваў старшынёй калгаса, яна была аграномам. Але ніякага патурання ад мужа не мела. Праўда, пазней змяніла сваю прафесію на педагагічную сферу.
Сёння Алексяевічы ганарацца сваімі двума сынамі, якія маюць важкія пасады і воінскія званні, служаць Радзіме ў сілавых органах. Кожны раз радуюцца прыезду ўнука і ўнучкі. А яшчэ мяне сапраўды ўразілі адносіны паміж Ліліяй Пятроўнай і Канстанцінам Іванавічам. Нездарма кажуць, што галава – гэта муж, а шыя – жонка. І куды павернецца шыя, туды і галава. Вось так яны і крочаць па жыцці больш за 40 гадоў. Уступаюць адзін аднаму і падтрымліваюць у цяжкія моманты. Іх пачуцці і цяпер шчырыя і цёплыя. Ім можна толькі пазайздросціць. Юбілей мужа Алексяевічы сустрэнуць у цёплай сямейнай атмасферы разам з роднымі і блізкімі. Хочацца пажадаць ім доўгіх гадоў жыцця і моцнага здароўя.

Зінаіда Палулех.
Фота аўтара.