З перспектывай мець назву Паўночнай Венецыі

Главное

У сувязі з грамадскім абмеркаваннем Генеральнага плана г. Браслава хачу выказаць уласнае бачанне некаторых аспектаў развіцця горада.
Няхай не цяпер, а гадоў так праз 30‑50 наш горад можа прэтэндаваць на назву Паўночнай Венецыі Еўропы, хоць гучыць гэта на першы погляд вельмі гучна.
Генпланы, як правіла, распрацоўваюцца гадоў на 15‑20. Але зараз самае галоўнае — бачыць намнога далей гэтых тэрмінаў і не аддаць для дробязных мэт тыя землі, якія ў перспектыве могуць надаць Браславу гучнае імя Паўночнай Вененцыі. Найперш маю на ўвазе прыбярэжную паласу воз. Дрывяты ад сённяшняй пляжнай зоны ў бок аўтазапраўкі да в. Краснасельцы.
У свой час існавалі прапановы аддаць зямельныя ўчасткі на гэтай тэрыторыі прадпрымальнікам для прыватнага будаўніцтва, каб яны з іх магчымасцямі пабудавалі здатныя дамы і тым самым упрыгожылі ўезд у горад. Але і сёння вельмі сумніўна, што ў прыватным парадку можа ўзвесці там штосьці адметнае.
На першы погляд гэтыя землі нічым не прывабныя — кустоўе, дробная забалочанасць. Але ж грунты гэтай прыбярэжнай паласы трывалыя, гравійна-пясчаныя, здольныя вытрымаць любыя нагрузкі. Значыць, гэта месца годнае для капітальнага будаўніцтва.
Разумею, што ўзвядзенне на гэтых участках дамоў адпачынку, санаторыяў магчыма разглядваць не ніжэй за рэспубліканскі ўзровень, але ж і мары могуць здзяйсняцца, калі ўпэўнена аргументаваць свае прапановы.
Улічваючы трываласць гравійна-пясчаных грунтаў, падчас праектавання можна прадугледжваць падвод да саміх будынкаў каналаў для падходу лодак, катараў. Возера Дрывяты мае практычна пастаянны ўзровень, што вельмі важна, а нязначныя хістанні ўзроўню вады мажліва рэгуляваць праз рэчкі і ручаі. Вось вам і Еўрапейская Венецыя ў Беларусі.
Безумоўна, усім нам хочацца, каб акультурванне прыбярэжнай паласы ішло як мага хутчэй і там з’явіліся больш простыя збудаванні, але ці не надта гэта мала для таго гонару, які Браслаў можа мець у будучыні.

Сямён Прошка, былы галоўны архітэктар раёна.