Не так часта ў паўсядзённым жыцці сустракаюцца тыя, хто прайшоў вогненнымі дарогамі Афганістана. Але кожны год 15 лютага ў Дзень памяці воінаў-інтэрнацыяналістаў яны збіраюцца разам, каб узгадаць сваю баявую маладосць і выказаць даніну павагі тым, хто загінуў у далёкай чужой краіне.
Урачыстыя мерапрыемствы, прысвечаныя 26-гадавіне вываду савецкіх войскаў з Афганістана, у нашым раёне адбыліся на мінулым тыдні. Сёлета, акрамя прадстаўнікоў раённай улады, райваенкамата, грамадскіх аб’яднанняў, працоўных калектываў і школьнікаў, у іх прымалі ўдзел і госці — члены ветэранскіх арганізацый воінаў-інтэрнацыяналістаў з Віцебска, Шаркаўшчынскага, Мёрскага, Верхнядзвінскага раёнаў.
Дзень памяці і павагі пачаўся з ўрачыстага мітынгу каля Ахрэмаўскай сярэдняй школы, дзе ўстаноўлена мемарыяльная дошка былому вучню гэтай установы Валерыю Александровічу, які вярнуўся дадому жудасным грузам “200”.
У сваіх прамовах намеснік старшыні райвыканкама Іна Лысенка, раённы ваенны камісар маёр Віталь Грамніцкі і старшыня раённай арганізацыі грамадскага аб’яднання “Беларускі саюз ветэранаў у Афганістане” Леанід Мікшта падкрэслілі мужнасць, стойкасць і адвагу беларусаў, якія выконвалі свой воінскі абавязак на афганскай зямлі.
Затым удзельнікі мітынгу накіраваліся да магілы В. Александровіча, каб вянкамі, кветкамі і мінутай маўчання ўшанаваць памяць юнака.
У СШ № 1 удзельнікі ўрачыстасці наведалі музей, прысвечаны воінам-“афганцам”. Прыемна адзначыць, што ён за год папоўніўся шэрагам цікавых экспанатаў. З сумам у вачах разглядалі ветэраны афганскай вайны цяжкія сведчанні баявой маладосці. А воін-інтэрнацыяналіст Юрый Андрук атрымаў з рук старшыні абласной арганізацыі грамадскага аб’яднання ветэранаў вайны ў Афганістане “Братэрства” Валерыяна Мацкевіча нагрудны знак “75 гадоў стварэння 103 ПДВ ў Віцебску”.
Шматлюдна і ўрачыста было ў гэты дзень у гарадскім скверы ля помніка воінам-інтэрнацыяналістам. Акрамя ўдзельнікаў мерапрыемства, сюды прыйшлі школьнікі, моладзь і людзі старэйшага пакалення, каб ушанаваць памяць тых, хто не вярнуўся з поля бою.
З творчай задумай падышлі арганізатары да афармлення помніка. Перад БМД палыхала вогнішча, а па баках баявой машыны гарэлі факелы, што стварала асабліва шчымлівы настрой.
Адкрываючы ўрачысты мітынг-рэквіем, намеснік старшыні райвыканкама Іна Лысенка адзначыла, што вайна ў Афганістане была сапраўднай школай мужнасці для нашых салдат, а гордасць за подзвігі, гераізм воінаў-“афганцаў” неаддзельная ад светлай памяці тых, хто не вярнуўся з бою. Яна акцэнтавала ўвагу на тое, што сёння воіны-інтэрнацыяналісты — тая стваральная сіла, якая падтрымлівае намаганні кіраўніцтва нашай краіны накіраваныя на ўмацаванне дзяржаўнасці і тэрытарыяльнай цэласнасці. Іна Лысенка пажадала ветэранам афганскай вайны моцнага здароўя, шчасця і дабрабыту.
Са шчырымі словамі павагі і ўдзячнасці звярнуліся да віноўнікаў урачыстасці старшыня абласной арганізацыі грамадскага аб’яднання ветэранаў вайны ў Афганістане “Братэрства” Валерыян Мацкевіч і старшыня раённай арганізацыі ветэранаў вайны Іван Цялежнікаў.
Мінутай маўчання, вянкамі і кветкамі ўшанавалі прысутныя памяць загінулых на чужой зямлі. Прагучаў салют.
Не пакінулі нікога раўнадушным уражлівыя мастацкія нумары, падрыхтаваныя супрацоўнікамі культуры.
Затым мерапрыемства, прысвечанае Дню памяці воінаў-інтэрнацыяналістаў, прадоўжылася ў актавай зале СШ №2, дзе адбылася ўрачыстасць пад назвай “Паклон героям пакаленняў”.
Старшыня раённага Савета дэпутатаў Ніна Пучынская ўручыла кіраўнікам арганізацый грамадскага аб’яднання “Беларускі саюз ветэранаў вайны ў Афганістане” памятныя сувеніры і пажадала былым “афганцам” здароўя, міру і шчасця.
Цікавы і яскравы канцэрт падрыхтавалі супрацоўнікі РДК, але ж песні ў выкананні воінаў-інтэрнацыяналістаў закранулі самыя патаемныя струны душы кожнага прысутнага.