Працавалі дружна і зладжана

Главное

Працавалі 2Фінансава-эканмічная сітуацыя ў ААТ «Бярозавы край» на цяперашні час даволі складаная, асабліва ў жывёлагадоўлі. Дояць там зараз каля 3 кг на карову. Малочную прадукцыю, якая ў зімовы перыяд дае гаспадарцы асноўную выручку, рэалізуюць практычна заўжды першым гатункам, за што і атрымліваюць за дзённы надой на карову ўсяго толькі каля 7 тыс руб., у той час, як «Маяк Браслаўскі» «надойвае» ад кожнай каровы ў дзень па 82 тыс руб. А няма выручкі ад рэалізацыі прадукцыі, значыць, і няма годнай зарплаты.
Міністэрства сельскай гаспадаркі і прадуктаў харчавання, падводзячы вынікі работы жывёлагадоўчай галіны па вытворчасці малака і мяса БРЖ за мінулы год, адзначыла, што адным з асноўных стрымліваючых фактараў таго, што каровы даюць значна менш малака, чым ёсць у іх генетычным патэнцыяле, з’яўляецца неадпаведнасць умоў утрымання і кармлення жывёлы.
Каб палепшыць умовы ўтрымання жывёлы ў «Бярозавым краі», дзе практычна не засталося спецыялістаў па жывёлагадоўлі, начальнік райсельгасхарча Максім Чагарын папрасіў дапамогі ў гарадскіх арганізацый. І ў мінулую суботу на малочнатаварную ферму ў Купішках і цялятнік у Падрукшы «высадзіўся» сапраўдны працоўны дэсант.
Больш за 40 чалавек з прадстаўнікоў аддзелаў ідэалогіі, культуры, адукацыі, сельвыканкама, СВК пад кіраўніцтвам старшыні раённай арганізацыі прафсаюза работнікаў АПК Мікалая Вялічкі мылі вокны, чысцілі і бялілі сцены ў кароўніках на купішскай ферме. У гэты час майстры з РВЭС, РЭС, райпа будавалі каркас плёначніка для цялят, прыбіралі навакольную тэрыторыю.
Шматлюдна было і каля цялятнікаў у Падрукшы. Бухгалтэрскія работнікі сельгаспрадпрыемства, механізатары прыбіралі будаўнічыя адыходы вакол цялятніка, што рэканструіруееца, а ўнутры яго напярэдадні вычысцілі актывісты БРСМ з Відзаўскага каледжа, брыгада з «Браслаў-камунальніка»манціравала водаправод.
Не магу не заўважыць, што ў дзеючым цялятніку, якім з мая месяца загадвае Вілія Кандратовіч, амаль ідэальны парадак і дагледжаная жывёла. І калектыў, якім яна кіруе, працавіты, нягледзячы на фінансавыя складанасці гаспадаркі, дзеяздольны. Гэта чарговы прыклад таго, што ў любых абставінах не месца ўпрыгожвае чалавека, а чалавек месца.
Увогуле ж мясцовы суботнік у «Бярозавым краі» прайшоў арганізавана і плённа, што напярэдадні было запланавана, тое і выканана. Гэта канстатаваў у яго завяршэнні Максім Чагарын і выказваў шчырую ўдзячнасць за аказаную дапамогу ўсім яго удзельнікам.
Дарэчы будзе сказаць, што ў суботу шчыравалі не толькі ў «Бярозавым краі». Больш за 40 працаўнікоў «Браслаў-камунальніка» збівалі наледзь на тратуарах па вул. Кастрычніка, Савецкай, Маякоўскага, К. Маркса, Цаглянай, Булойчыка, пашыралі іх ад снегу, каб нам, гараджанам, пасля капрызаў надвор’я бяспечней было ісці.

Казімір Пятушка. Фота аўтара.Працавалі 4 Працавалі Працавалі5