— Маю гадавую пуцёўку на лоўлю рыбы на вадаёмах, перададзеных у карыстанне ДПУ НП «Браслаўскія азёры». Па ёй мне дазваляецца лавіць рыбу з прыладамі не больш за 5 кручкоў. Аднак купляю яшчэ і пуцёўку на здабычу шчупака на жыўца, якой таксама агаворваецца, што маю прыва паставіць 5 «флажкоў» ці матырак. Такім чынам, атрымліваецца, што я па першай пуцёўцы маю права лавіць рыбу на 5 вудачак а па другой — паставіць 5 «флажкоў». Як трактуецца гэта Правіламі рыбалоўства, такое пытанне задаў мне знаёмы рыбалоў-аматар.
На яго адказаў начальнік Браслаўскай міжраённай інспекцыі аховы жывёльнага і расліннага свету пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь Васіль Мацук:
— У Правілах вядзення рыбнай гаспадаркі і рыбалоўства адназначна ўказана: «Аматарскае рыбалоўства забаронена з адначасовым выкарыстаннем адной або розных прылад лоўлі з агульнай колькасцю больш за 5 кручкоў».
Такім чынам, вашы дзве пуцёўкі не даюць вам права выкарыстоўваць больш за пяць прылад лоўлі. Калі вы паставілі 5 «флажкоў», то далейшая лоўля на мармышку будзе прыраўнівацца да браканьерства. Стаўце 4 і лавіце на мармышку і адпаведна па ўбываючай: 3 флажкі — 2 мармышкі.
А яшчэ за тлумачэннямі па ўзнятым пытанні я звярнуўся да начальніка аддзела аховы прыродных комплексаў НП «Браслаўскія азёры» Івана Тышкевіча.
Ён паведаміў наступнае:
— Лавіць рыбу вудамі, на матыркі і «флажкі», але не больш за 10 кручкоў маюць права члены таварыства паляўнічых і рыбаловаў на вадаёмах, якія адносяцца да фонду запасу рыбалоўных угоддзяў. Калі ж вы не член таварыства, то на вас распаўсюджваецца рубеж у 5 кручкоў.
Цяпер у фонд запасу аднесены вадаёмы, на якія не трэба набываць пуцёўкі. Гэта
— азёры Белае, Бяржэнка, Бірутэ, Вайнікішкі, Глыбошчына, Густаты, Даўблі, Дворнае, Ілягайцы, Ільжа, Ільмёнак, Інава, Каменка, Карасіна, Канстанцінава, Корня, Круглае, Людзвінава, Мацешы, Муйсатка, Муйса, Нязвятка, Азерайцы, Альшанка, Апіварда, Опліса, Опса, Арэхава, Пеліканы, Плюсы, Пагошча, Прадушнае, Рудавец, Рыча, Секлы, Саўлажэры, Ставок, Укля, Уся, Янэлі, рэкі Дзісна і Заходняя Дзвіна ( у межах раёна).
Аляксандр Азевіч.