І прыемна зайсці, і ёсць што выбраць

Главное

IMG_1231 (Small)Амаль пяць гадоў таму назад гасцінна адчыніў для пакупнікоў свае дзверы прыватны магазін “Кантынент” па вул.Камсамольскай.
Светлы цёплага колеру будынак адразу прыцягвае да сябе вока. Ды і тэрыторыя вакол гандлёвай кропкі добраўпарадкавана належным чынам — выкладзена прыгожай пліткай, ёсць месца для стаянкі машын, пандус для зручнасці людзей з абмежаванымі магчымасцямі.
Па-добраму здзіўляе і разнастайнасць тавару ў самім магазіне. Вабіць шырокі асартымент каўбасных вырабаў, рыбнай, малочнай і хлебабулачнай прадукцыі, гародніна, садавіна сапраўды свежыя і прывабнага выгляду. Ды і ласуны не застануцца без прысмак, а гаспадыня знойдзе патрэбныя тавары бытавога прызначэння. Не пакінулі без увагі ўладальнікі “Кантыненту” і сваіх маленькіх пакупнікоў — для іх адведзены асобны куток з цацкамі. Адным словам, у магазіне можна набыць не толькі стандартны спажывецкі кошык, але і разнастайныя прадукты да святочнага стала, прычым на любы кашалёк.
За невялікі тэрмін работы ў магазіне з’явіліся пастаянныя пакупнікі. Да таго ж, адзначыла яго ўладальніца Алена Сікора, не прамінаюць заглянуць сюды і пераборлівыя адпачываючыя, асабліва ўлетку, і між іншым не выходзяць з пустымі рукамі.
— Асартымент у сваім магазіне, — кажа А. Сікора, — складаю згодна з пакупніцкімі запатрабаваннямі. Заказваю толькі тое, на што ёсць попыт і што абавязкова купяць. Прадукты ў нас толькі беларускай вытворчасці, а гэта значыць, што з высокай гарантый якасці.
Несумненна, не на апошнім месцы ў выніковай рабоце любой гандлёвай кропкі адыгрывае і калектыў. Працуючы за прылаўкам, трэба быць вялікім дыпламатам, калі хочаце, «інжынерам чалавечай душы», творча падыходзіць да справы і не дапускаць ніякіх пралікаў.
Кадры падбіраліся, заверыла ўладальніца магазіна, па псіхалагічных “мерках”, што з’яўляецца галоўным для мікраклімату калектыву. Гэты, дарэчы, фактар — найважнейшы крытэрый у рабоце не толькі ў «прыватніка». Вось і прадаўшчыцы “Кантынента” з задавальненнем працуюць з першага дня яго заснавання.
На сённяшні дзень у гандлёвай сетцы вялізны выбар тавараў. Таму да пакупнікоў трэба адносіцца з вялікай увагай, «прыцягваць» іх да прылаўка, па жаданні кліента выканаць тую ці іншую заяўку, просьбу. Гэта ўвогуле і з’яўляецца адной з састаўных частак рынкавых адносін, чаго прытрымліваецца і Алена Сікора ў сваёй рабоце. Таму не дзіўна, што магазін «Кантынент» прызнаны лепшым сярод прыватных кропак па выніках дзейнасці за мінулы год.

Алена Пятушка.
Фота аўтара.