З добрымі паказчыкамі завяршыў мінулы год калектыў Барунскага лясніцтва нацыянальнага парка “Браслаўскія азёры”. І немалая заслуга ў гэтым маладога энергічнага ляснічага Сяргея Сокалава, а званне лепшага работніка лясной гаспадаркі, прысуджанае па выніках раённага спаборніцтва, пацвярджае гэта.
Па-рознаму прыходзяць людзі да любімай прафесіі. Адны працягваюць справу бацькоў, з дзяцінства робячы асэнсаваны выбар, другія ідуць шляхам спроб і памылак. А ў Сяргея Сокалава атрымалася ўласная адметная дарога ў лясную гаспадарку. Калісьці ў свой час малады чалавек пасля заканчэння школы не захацеў ехаць на вучобу далёка ад дому, які знаходзіўся ў в. Буеўшчына Шаркаўшчынскага раёна, а таму паступіў у Віцебскі дзяржаўны тэхналагічны каледж. Вясной 2010 г. атрымаў размеркаванне ў НП “Браслаўскія азёры” і стаў працаваць майстрам у Барунскім лясніцтве, разбірацца ў тонкасцях вядзення лясной гаспадаркі.
Першыя месяцы работы паказалі, што гэта справа яму па душы, і ў тым жа годзе хлопец паступіў у Беларускі дзяржаўны тэхналагічны ўніверсітэт. А восенню 2013 г. быў прызначаны ляснічым.
На гэтай пасадзе Сяргей Сокалаў праявіў сябе як адказны работнік, які валодае сучаснымі ведамі і практычнымі навыкамі. Ён каардынуе работу супрацоўнікаў, якіх у лясніцтве больш за тры дзясяткі. Калектыў працуе зладжана, усе пытанні вырашаюцца ў рабочым парадку. Маладога ляснічага цяжка заспець у кабінеце — шмат часу праводзіць у лесе, таму ведае кожны лясны ўчастак. Гаспадарка яму дасталася вялікая, яе тэрыторыя займае амаль 16 тыс. га. У работнікаў лясной гаспадаркі шмат абавязкаў, але на першым месцы — ахова і ўзнаўленне лесу. Таксама ў лясніцтве вядзецца нарыхтоўка драўніны, праводзяцца супрацьпажарныя мерапрыемствы.
Як расказаў Сяргей Васільевіч, вялікая ўвага ўдзяляецца забеспячэнню палівам насельніцтва, наладжана супрацоўніцтва з Друйскай і Іказненскай школамі, вучні
якіх дапамагаюць садзіць лес і робяць шпакоўні.
Па словах ляснічага, штодзённая праца ў лесе няпростая, бо трэба рабіць сваю справу, не зважаючы на пару года ці надвор’е. Але гэта кампенсуецца навакольнай прыгажосцю, свежым паветрам. На пытанне пра вольны час Сяргей Сокалаў адказвае, што лепшы адпачынак — у лесе. Ён прызнаецца, што не зусім разумее сучасную моладзь, якая днюе і начуе ў інтэрнэце. Праўда, усміхаючыся, дадае, што з жонкай менавіта там і пазнаёміўся: віртуальнае знаёмства перарасло ў рэальнае.
Малады ляснічы дакладна ведае, чаго хоча дасягнуць. Ён марыць пабудаваць дом, у якім будуць гучаць дзіцячыя галасы, і годна рабіць любімую справу.
Жанна Бялько.
Фота аўтара.