Куды здаць няспраўны тэрмометр?

Спрашивайте-отвечаем

З просьбай дапамагчы знайсці адказ на такое пытанне ў рэдакцыю звярнулася браслаўчанка. Сапраўды, нас з дзяцінства вучаць, што ртуць – яд, а таму і ўтылізаваць утрымліваючыя яе прыборы неабходна як трэба, а не як атрымліваецца. Тым не менш хутка даць адказ на пастаўленае пытанне не атрымалася.
Згадзіцеся, бадай у кожнага з нас сфарміравана ўстойлівае меркаванне, што з ртуццю працуюць выратавальнікі. Па меншай меры стэнды па тэхніцы бяспекі, якія цяпер ёсць у кожнай арганізацыі і ўстанове, прадпісваюць нам у выпадку надзвычайнай сітуацыі з тым жа тэрмометрам тэлефанаваць па нумары 101. Аднак справа ў тым, што РАНС павінен адрэагаваць менавіта ў выпадку форс-мажору. Планавай жа ўтылізацыяй ён не займаецца.
Як удалося высветліць, у Беларусі ёсць прадпрыемствы, якія спецыялізуюцца на зборы і перапрацоўцы каляровых металаў, якім і з’яўляецца ртуць. Аднак іх, роўна як і пункты прыёму, можна пералічыць па пальцах адной рукі і знаходзяцца яны, як правіла, у буйных гарадах.
Тым не менш выйсце ёсць і ў браслаўчан. Як паведаміў галоўны інжынер ДП “Браслаў-камунальнік” Алег Ляскоўскі, зборам і часовым захоўваннем прыбораў, якія ўтрымліваюць ртуць, займаецца і наша прадпрыемства ЖКГ. Па меры накаплення небяспечных адыходаў іх перапраўляюць на ўтылізацыю ў спецыялізаваныя цэнтры. Таму, каб пазбавіцца ад старога ці няспраўнага тэрмометра, яго трэба здаць камунальнікам з папярэднім паведамленнем пра свой намер па нумары 6-04-28. Тое ж тычыцца і энергазберагальных лямпаў, якія таксама ўтрымліваюць небяспечны метал.

Вячаслаў Каладынскі.