Свята тых, хто ахоўвае наш спакой

Главное

IMG_6854 (Small)Урачыстае мерапрыемства, прымеркаванае да 98-ай гадавіны стварэння беларускай міліцыі, прайшло ў раённым аддзеле ўнутраных спраў у мінулы аўторак. Напярэдадні свайго прафесійнага свята праваахоўнікі сабраліся ў зале пасяджэнняў РАУС, каб падвесці вынікі работы, адзначыць лепшых і выслухаць віншаванні ў свой адрас. На ўрачыстасці прысутнічалі таксама прадстаўнікі раённай улады і калегі з іншых сілавых ведамстваў.
Спярша начальнік РАУС Вячаслаў Грышчанка агучыў статыстыкі, згодна з якой Браслаўшчына ў плане крымінагеннай абстаноўкі выглядае даволі прывабна сярод раёнаў вобласці. Затым выказаў удзячнасць калектыву за якасную службу. Пры гэтым падкрэсліў што міліцыя нязменна стаіць на варце інтарэсаў дзяржавы і грамадзян, агульнапрынятых каштоўнасцей. “Галоўны ж вынік нашай працы – спакой і бяспека браслаўчан,” — рэзюмаваў ён.
Вядома, што ў любой справе за поспех праносяць канкрэтныя людзі. З гэтай нагоды ва ўрачыстай абстаноўцы адбылася цырымонія ўзнагароджання лепшых супрацоўнікаў райаддзела. Так, з рук начальніка нагрудны знак “За самаадданую службу” другой ступені атрымаў старшы ўчастковы інспектар Уладзімір Цяцера. Нагрудным знакам “Віцебская міліцыя” ўзнагароджаны старшы інспектар групы кадраў Яўген Шокель, граматай УУС аблвыканкама — начальнік аддзялення па грамадзянстве і міграцыі Юлія Крупянько. Падзякі начальніка УУС аб’яўлены старшаму інспектару-дзяжурнаму аператыўна-дзяжурнай службы Аляксею Васільеву і міліцыянеру-вадзіцелю Уладзіміру Бейнару.
Ад імя орланаў улады міліцыянераў павіншавала старшыня райсавета Ніна Пучынская. Прычым асабліва адзначыла, што браслаўчане давяраюць міліцыі. Адным з важкіх аргументаў гэтага з’яўляецца і абранне Вячаслава Грышчанкі, дэпутатам раённага Савета дэпутатаў па Мяжанскай выбарчай акрузе №27. Затым за ўзорнае выкананне службовых абавязкаў Н. Пучынская ўзнагародзіла Ганаровай граматай райвыканкама ўчастковага інспектара Валерыя Шлабовіча. Акрамя таго, падзяку старшыні райвыканкама з яе рук атрымаў інспектар ДПС АДАІ Яўген Койра.
Да віншаванняў далучыліся і пагранічнікі. Начальнік аддзела пагранічнай службы Опса Сяргей Саўчук падзякаваў міліцыянерам за плённае супрацоўніцтва ў справе аховы дзяржаўнай мяжы і таксама ўручыў некалькі важкіх узнагарод. Так, падзякай старшыні Дзяржаўнага пагранічнага камітэта Рэспублікі Беларусь былі адзначаны Вячаслаў Грышчанка і старшы оперупаўнаважаны групы БЭЗ Аляксандр Сігайла. Аналагічную ўзнагароду ад камандзіра Полацкага пагранатрада атрымалі старшы оперупаўнаважаны групы па наркакантролі і супрацьдзеянні гандлю людзьмі Сяргей Сакалоў, старшы ўчастковы інспектар Павел Лабуць, начальнік аддзялення па грамадзянстве і міграцыі Юлія Крупенька і інспектар таго ж аддзялення Таццяна Казлоўская.
Намеснік старшыні райвыканкама Іна Лысенка ўзнагародзіла лепшых у раёне дружыннікаў. Дыпломы райвыканкама з яе рук атрымалі Дзіяна Тарун – камандзір лепшай па выніках мінулага года добраахвотнай дружыны Ахрэмавецкага сельвыканкама, Павел Гайдзель – член дружыны Друеўскга сельвыканкама. Сярод спецыялізаваных дружын па забеспячэнні бяспекі дарожнага руху дыпломам адзначаны галоўны інжынер ДЭУ-34 Анатоль Ліцвінка, а па аказанні дапамогі органам пагранічнай службы – камандзір дружыны “Плюсы” Пётр Бялусь і “Карасіна” Казімір Бейнар.
Такім чынам, мерапрыемства да Дня міліцыі было хоць і ўрачыстым, але ў той жа час сціплым і ўтульным. Мяркую, браслаўчане таксама далучаюцца да цёплых слоў, што гучалі ў той дзень у адрас міліцыянераў, бо за іх плячамі сапраўды наш спакой.

Вячаслаў Каладынскі.
Фота аўтара.