У сакавіку мы адзначаем адно з самых добрых і светлых свят вясны — Дзень жанчын. У гэты час асабліва шчыра гучаць з вуснаў мужчын самыя цёплыя словы ў адрас мілых матуль, бабуль, жонак, дачок, каханых. А яшчэ 8 сакавіка — гэта свята падарункаў. Адным з такіх стаў святочны канцэрт, прысвечаны Дню жанчын, які адбыўся ў Браслаўскай гімназіі. Ён быў падрыхтаваны навучэнцамі дзіцячай школы мастацтваў, гімназіі і іх выкладчыкамі.
Да прадстаўніц прыгожай паловы чалавецтва, якія знаходзіліся ў зале, з цудоўным паэтычным віншаваннем звярнуўся намеснік старшыні райвыканкама Андрэй Давыдзенка. Ён сказаў, што свята чарговы раз дае магчымасць выказаць захапленне прыгажосцю, прыцягальнасцю, абаяльнасцю і пяшчотай жанчын, адзначыў іх значную ролю ў грамадстве, а таксама ў натхненні мужчын да новых здзяйсненняў.
Віншаванні падхапілі вядучыя, з вуснаў якіх на працягу ўсёй праграмы гучалі шчырыя словы ўдзячнасці і прыемныя кампліменты. Удзельнікі канцэрта шчодра падзяліліся з прысутнымі сваёй сонечнай, па-вясноваму цёплай энергетыкай. Ніхто з гасцей не застаўся абыякавым, гледзячы на маленькіх артыстаў. А паглядзець было на што! Вакалісты дарылі цудоўныя песні, танцавальныя калектывы захаплялі сваім харэаграфічным майстэрствам, зухаватыя баяністы радавалі бадзёрай музыкай, а гукі саксафона зачароўвалі лірычным гучаннем. Нумары былі яркімі, запамінальнымі і стварылі ў гледачоў сапраўдны святочны настрой.
Жанна Бялько.
Фота аўтара.