Паход выхаднога дня

Главное

IMG_0097-3 (Small)IMG_0001-2 (Small)Сумуеце па паходнай рамантыцы і з нецярпеннем чакаеце вясны, каб выбрацца на прыроду? А вось турысты пад кіраўніцтвам настаўніка фізічнай культуры СШ № 2 Аляксея Салака не сталі чакаць добрага надвор’я і ў выхадныя адправіліся ў паход, прысвечаны 70-й гадавіне Вялікай Перамогі. Разам з імі вандравала і я.
У першы ж дзень мы наведалі масавае пахаванне загінулым воінам у Зараччы, паглядзелі на вадзяны млын, які знаходзіўся непадалёку. Потым рухаліся па азімуце ў напрамку в. Баравікі. Ісці спачатку было цяжкавата (заплечнікі, здавалася, цягнулі да зямлі), але вельмі цікава было. Каб мы не сумавалі, Аляксей вырашыў праверыць нашы веды па арыентаванні і задаваў такія пытанні, што задумвацца прыходзілася ўсім. Таму час бег хутка. На начлег дзякуючы Вячаславу Крапу, нас гасцінна і цёпла сустрэлі ў Баравіцкай школе.
На другі дзень, добра адпачыўшы і падсілкаваўшыся, мы крок за крокам, атрымліваючы асалоду ад лясной прыгажосці, цікавых размоў, дайшлі да агр. Пагошча. Першым чынам наведалі помнік, загінулым воінам. Тут жа сустрэлі знакамітага краязнаўца Віктара Бунту і пачалося самае цікавае… Ён са звыклым яму артыстызмам расказаў нам пра гэтыя мясціны. Слухалі мы з задавальненнем, бо добра ведалі, што так дэталёва пра іх мала хто раскажа. Але час ішоў хутка, трэба было рухацца далей, хацелася даведацца як мага больш.
Вельмі дапамог нам Андрэй Януль разам са сваімі сябрамі, бо дзякуючы ім, мы пазналі шмат цікавага з гісторыі старадаўніх гаспадарчых пабудоў былога панскага маёнтка. Пра час будаўніцтва можа сведчыць надпіс над уваходам у адзін з будынкаў — 1820. Ён быў выкладзены з кавалачкаў бітай кафлі. Сцены ўпрыгожаны звычайным россыпам дробных каменьчыкаў. Яшчэ адна пабудова размяшчаецца паблізу парка, тут вельмі цікава ўсё разглядваць, знаходзячы новыя і новыя выявы: кветкі, галінкі, сонейка, елачкі, усе яны выкладзены з адмыслова падабраных каменьчыкаў. Прыгажосць!
З добрым настроем мы накіраваліся ў бок нашага начлегу.
У трэці, заключны дзень, мы вярталіся дамоў, але нават не верылася, што наш паход выходнага дня ўжо блізіўся да завяршэння, а за плячама каля 40 км дарог.
Хочацца падзякаваць Аляксею Салаку, які сабраў нас. Кожны паход пад яго кіраўніцтвам адметны строгай дысцыплінай, да дробязей прадуманых на маршруце, магчымых перашкод таму нам заўсёды ёсць чаму павучыцца і да чаго імкнуцца. Акрамя фізічнай загартоўкі, мы адпачылі душой, а гэта амаль самае галоўнае, чаго ў паўсядзённым жыцці нам часам так не хапае. І, безумоўна, дзякуй усім удзельнікам гэтай невялікай вандроўкі за добры настрой. Спадзяюся, што ў хуткім часе мы пакрочым па новых маршрутах, а пакуль застаеецца толькі перагортваць фотаздымкі, аднаўляючы кожны крок у памяці.

Інэса Яхімовіч. Фота аўтара.IMG_0065 (Small) IMG_0097-3 (Small) IMG_0415 (Small)