Напярэдадні Дня Канстытуцыі, 13 сакавіка, святочная атмасфера панавала ў актавай зале СШ №2. Для 30 маладых браслаўчан, якім споўнілася 14 гадоў, гэты дзень стаў асаблівым: яны сталі паўнапраўнымі грамадзянамі Рэспублікі Беларусь і атрымалі свой галоўны дакумент — пашпарт.
Гукі гімна настроілі на ўрачысты лад усіх, хто прыйшоў раздзяліць з маладымі грамадзянамі важнасць падзеі, — ганаровых гасцей, бацькоў, настаўнікаў, аднакласнікаў. Атрыманне пашпарта — гэта хвалюючая падзея ў жыцці кожнага. Дакумент з’яўляецца сведчаннем грамадзянскай сталасці чалавека, пацвярджае набытыя правы, але і накладвае сур’ёзныя абавязкі, прымушае ўзважваць свае ўчынкі, імкнуцца апраўдаць давер, аказаны дзяржавай.
Для ўручэння пашпартоў вядучыя запрасілі на сцэну старшыню раённага Савета дэпутатаў Ніну Пучынскую і начальніка аддзялення па грамадзянстве і міграцыі РАУС Юлію Крупенька. Ніна Пучынская, звяртаючыся да маладых людзей, сказала:
— Наша краіна адзначае 15 сакавіка Дзень Канстытуцыі. Гэта Асноўны Закон дзяржавы, ён вызначае важнейшыя накірункі дзейнасці, адлюстроўвае жыццё краіны і змяняецца ў адпаведнасці з развіццём грамадства. Канстытуцыя гарантуе галоўныя правы грамадзян, і да яе з павагай адносяцца ў Беларусі. Паказальна, што сёння ва ўрачыстай абстаноўцы свой галоўны дакумент атрымліваюць школьнікі, якія вызначыліся ў пэўнай галіне дзейнасці, праявілі адказнасць. А з атрыманнем пашпарта адказнасць узрастае. Упэўнена, што вы будзеце дастойнымі грамадзянамі, праславіце краіну і нашу сінявокую Браслаўшчыну.
І вось на сцэну ўзнімаюцца юнакі і дзяўчаты — актывісты грамадскага жыцця, выдатнікі, удзельнікі дабрачынных акцый, пераможцы алімпіяд, конкурсаў і спаборніцтваў, навукова-практычных канферэнцый, інтэлектуальных гульняў. У дадатак да пашпартоў віноўнікі ўрачыстасці атрымалі падарункі ад Прэзідэнта краіны — шыкоўна аформленую кнігу “Я — грамадзянін Беларусі”.
Яшчэ адным кранальным момантам мерапрыемства стала клятва маладога грамадзяніна Рэспублікі Беларусь, якую школьнікі ўрачыста прамовілі разам з першым сакратаром РК ГА “БРСМ” Марыяй Сяліцкай.
Павіншаваць прадстаўнікоў маладога пакалення прыйшоў пракурор раёна Юрый Кезік, які пажадаў ім поспеху ў здзяйсненні мар і параіў па заканчэнні вучобы не забываць малую радзіму, вяртацца дадому і прыносіць карысць сваёй працай.
Са словамі пажадання звярнуўся да школьнікаў і начальнік РАУС Вячаслаў Грышчанка. Ён павіншаваў іх з уступленнем у дарослае жыццё, нагадаў, што пашпарт выдаецца не з 16, а з 14 гадоў — гэта сведчыць пра давер, якія аказвае грамадства маладым людзям, і пажадаў апраўдаць надзеі.
Урачыстае мерапрыемства, прысвечанае Дню Канстытуцыі, прадоўжылася святочным канцэртам. Артысты раённага Дома культуры, цэнтра дзяцей і моладзі, пераможцы раённых песенных конкурсаў паказалі цікавую праграму, зрабілі ўсё магчымае, каб атрыманне пашпарта стала значнай падзеяй і запомнілася кожнаму.
Жанна Бялько.
Фота аўтара.