Валейбольны марафон

Главное

IMG_7702 (Small)Сёлета традыцыйны міжраённы турнір па валейболе на прызы газеты “Браслаўская звязда” атрымаўся маштабным, працяглым па часе і відовішчным. Пяць каманд пажадалі прыняць удзел у спаборніцтвах – з Глыбокага, Верхнядзвінска, Полацка, Наваполацка і браслаўчане.
Гулялі валейбалісты па кругавой сістэме, кожная каманда павінна была сыграць з усімі сапернікамі. Турнір працягваўся аж шэсць гадзін, і за ўвесь час гульняў яскрава вылучаўся фаварыт – верхнядзвінскія спартсмены. Як паведаміў метадыст ФСК “Дрывяціч” Віталь Жук, гэта было досыць нечакана для ўсіх, бо летась гэтая ж каманда заняла апошняе месца. Такі спартыўны парадокс можна патлумачыць, мабыць, новым складам каманды, яе выдатнай падрыхтоўкай і граматным трэнерствам.
Наогул верхнядзвінцы выглядалі мацней за іншых ігракоў, выдзяляліся сыгранасцю. Таму і занялі першую прыступку п’едэстала. Не шмат ад іх адсталі валейбалісты з Глыбокага, якія таксама паказалі, што ведаюць, як выглядае сапраўдны валейбол. Трэцімі сталі госці з Наваполацка, а за імі па ачках размясціліся браслаўчане. Будзем спадзявацца, што мясцовая каманда атрымала добры вопыт, каб у наступным годзе выступіць лепш. А пакуль кубак “Браслаўскай звязды” забралі верхнядзвінскія валейбалісты.

Галляш Сялява.
Фота.