Зроблена нямала, але не ўсё

Новости

IMG_0785 (Small)У мінулую суботу, як ніколі, шматлюдна было на вуліцах горада. Зранку гараджане з мётламі, граблямі, лапатамі спяшаліся на працу. Толькі ў гэты дзень чакала не прывычная работа, а навядзенне парадку.
Згодна з планам правядзення суботніка большасць працаўнікоў, а таксама школьнікі ўбіралі тэрыторыі сваіх прадпрыемстваў і арганізацый, устаноў, прылягаючыя да іх вуліцы, замацаваныя месцы масавага адпачынку, зялёныя зоны, мемарыяльныя могілкі.
За адведзеныя на суботнік 6 гадзін давялося не менш за 4 разы аб’ехаць горад і бачыць, наколькі чысцейшым ён рабіўся.
Але не толькі ў Браславе працавалі гараджане. Частка калектываў накіравала сваіх людзей і ў падшэфныя сельгаспрадпрыемствы. Даволі шматлюдны працоўны дэсант высадзіўся ў Замошшы. Прыбраць тэрыторыю мехдвара і малочнатаварнай фермы, падрамантаваць жывёлагадоўчыя памяшканні прыехалі рабочыя ТБЗ “Браслаўскі”, калектыў райветлячэбніцы, служачыя аграсэрвісу.
Навядзеннем парадку ля ферм, рамонтам выгульных пляцовак у ААТ “Мяжаны” займаліся спецыялісты ўпраўлення райсельгасхарча.
На фермах у ААТ “Новая Гвардыя” і “Бярозавы край” працавалі шэфы з Відзаўскага ўчастка ДЭУ-34, раёна электрычных сетак, настаўнікі і навучэнцы Казянскай і Опсаўскай школ, Відзаўскага каледжа.
Як паведаміў начальнік упраўлення сельскай гаспадаркі Максім Чагарын, значна большая шэфская дапамога вяскоўцам будзе аказана ў наступную суботу. І не столькі па ўборцы, колькі ў рамонце жывёлагадоўчых памяшканняў, абсталявання.
Не засталіся ў баку ад арганізацыі грамадскіх работ і органы сельскага самакіравання. У Мяжанскім, Плюскім і Відзаўскім сельсаветах займаліся зносам лядашчых пабудоў. У першым, напрыклад, разабралі тры пустуючыя дамы ў Мяжанах, Крываселях і Мікалаюнцах. Да гэтай справы былі прыцягнуты рабочыя з “Браслаўрайгаза”, настаўнікі школы, мясцовыя жыхары.
Такім чынам, можна сказаць, што за другі раённы суботнік зроблена значна больш, чым тыднем раней. Трэба праявіць не меншую актыўнасць і ў наступную суботу.

Аляксандр Азевіч.
Фота аўтара і Вольгі Патаповіч.