У апошні час павялічылася колькасць зваротаў грамадзян па пытаннях аплаты паслуг за газазабеспячэнне. Рэдакцыя газеты з гэтай нагоды звярнулася за неабходнымі каментарыямі да галоўнага інжынера РВУ “Браслаўрайгаз” Вадзіма Шукяля.
Ён патлумачыў, што абавязак унясення аплаты за жыллёва-камунальныя паслугі ўзнікае ў плацельшчыка, які з’яўляецца ўладальнікам жылога і (ці) нежылога памяшкання з дня ўзнікнення права ўласніка, у наймальніка, паднаймальніка, арандатара жылога памяшкання, дольшчыка, які заключыў дагавор, што прадугледжвае перадачу яму ва ўласнасць і карыстанне аб’екта долевага будаўніцтва – з дня заключэння дагавораў найму, паднайму, арэнды, а таксама членаў арганізацыі забудоўшчыкаў – з дня здачы жылога дома (кватэры) у эксплуатацыю.
Аплата за паслугі газазабеспячэння ўносіцца плацельшчыкамі за кожны мінулы месяц не пазней за 25-е чысло па ўстаноўленых заканадаўствам тарыфах.
З 27 чэрвеня 2014 года ўступіла ў сілу Палажэнне пра парадак разлікаў і ўнясенне аплаты за жыллёва-камунальныя паслугі і карыстанне жылымі памяшканнямі дзяржаўнага жыллёвага фонду. Гэтым дакументам вызначаны выпадкі, калі аплата за паслугі газазабеспячэння ўносіцца па тарыфах, якія забяспечваюць поўную кампенсацыю эканамічна абгрунтаваных затрат. У ліку такіх выпадкаў і сітуацыя, калі ў плацельшчыка маюцца ва ўласнасці і (ці) ва ўладанні і карыстанні адно ці некалькі жылых памяшканняў і адсутнічаюць у іх ці ў адным з іх зарэгістраваныя па месцажыхарстве плацельшчык ці члены яго сям’і. Іншымі словамі, падставай для аказання жыллёва-камунальных паслуг па субсідзіруемых дзяржавай цэнах з’яўляецца рэгістрацыя грамадзян выключна па месцажыхарстве.
З 1 студзеня 2015 года цана, якая забяспечвае поўную кампенсацыю эканамічна абгрунтаваных затрат, за 1 кубічны метр прыроднага газу з устаноўленымі прыборамі індывідуальнага ўліку расходу газу складае 2588 рублёў, за звадкаваны газ у 50-цілітровым балоне вагой 21 кг – 212100 рублёў.
Больш падрабязную інфармацыю па гэтых пытаннях можна атрымаць па тэлефоне 31-3-49.