Новыя магчымасці сталых людзей

Главное

IMG_6889 (Small)Праўду кажуць, што ўзрост вымяраецца не гадамі, а станам душы. Яшчэ раз пераканалася ў гэтым, наведаўшы тэрытарыяльны цэнтр сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва, дзе гасцінна расчыніла дзверы аддзяленне дзённага знаходжання для людзей пажылога ўзросту, якое ўзначальвае Марына Пажарская.
Сталых наведальнікаў, якіх, дарэчы, сабралася нямала, ветліва сустрэла дырэктар ТЦСАН Вольга Вялічка, якая расказала пра структуру ўстановы і пазнаёміла з асноўнымі напрамкамі дзейнасці. Дырэктар адзначыла, што работнікі цэнтра стараюцца аб’яднаць зацікаўленых людзей, якія могуць падзяліцца ведамі і ўменнямі адзін з адным, і прапанавала ўдзельнічаць у іх ініцыятывах.
Першае, што прыемна ўразіла ў новым аддзяленні, — гэта з густам аформленае памяшканне, у якім размясцілася багатая выстава вырабаў, тэматычныя плакаты: сустрэчу прымеркавалі да жаночага свята. Пачалося мерапрыемства з віншавальнай часткі: валанцёры з гімназіі спявалі песні, чыталі вершы. Творчыя нумары змяняліся вясёлымі конкурсамі і загадкамі, якія прапаноўвалі вядучыя Марына Пажарская і Іна Туравец. Госці годна, з жартамі спраўляліся з заданнямі.
Супрацоўнікі цэнтра здолелі стварыць надзвычай цёплую, дамашнюю атмасферу. Не знікла яна і падчас другой часткі мерапрыемства, калі адбылося больш цеснае знаёмства. Прапанаваныя для гэтага псіхолагам Вольгай Леўша прыёмы “імпульс знаёмства” і “чароўны клубок” выклікалі ўсмешкі, падмацавалі добры настрой і дазволілі выявіць інтарэсы наведвальнікаў. Як высветлілася, яны ў прысутных самыя розныя: догляд унукаў, напісанне вершаў, кулінарыя, работа на дачы, захапленне кветкамі, вязанне, прагляд фільмаў, чытанне, спартзала, танцы, рыбалка і многае іншае. Колькі запалу, весялосці і актыўнасці проста выпраменьвалі госці цэнтра, вельмі зацікаўлена абмеркавалі яны планы на будучыню, выказалі канкрэтныя прапановы і пажадалі як мага хутчэй сабрацца яшчэ. Мяркуючы па ўбачаным, сумаваць тут не будзе калі: маецца магчымасць займацца на трэнажорах, абмяняцца ведамі па кулінарыі і рукадзеллі, увогуле сустракацца з цікавымі людзьмі.
Адкрыццё аддзялення дзённага знаходжання для людзей пажылога ўзросту, па словах саміх наведвальнікаў, — добрая задумка. Адна госця нават адзначыла, што падчас знаходжання ў такой прыемнай кампаніі ў яе прыйшоў у норму ціск, які непакоіў з раніцы. Спрыяла добраму настрою і чаяпіцце са смачнай выпечкай і саладосцямі. Бачна, што супрацоўнікі цэнтра не проста выконваюць службовыя абавязкі, а робяць гэта з душой, дапамагаючы сталым людзям адкрываць новыя магчымасці.

Жанна Бялько.
Фота аўтара.