Прадстаўнікі грамадскага аб’яднання беларусаў у Даўгаўпілсе “Уздым” неаднойчы наведвалі Браслаўшчыну. У нашым краі яны знаёміліся з работай і творчасцю выхаванцаў дзіцячай школы мастацтваў, традыцыйнымі рамёствамі. У бібліятэцы сустракаліся з мясцовай творчай інтэлігенцыяй.
У сваю чаргу і браслаўчане сталі пастаяннымі гасцямі ў выхадцаў з Беларусі ў суседняй краіне. У мінулыя выхадныя такая сустрэча суседзяў адбылася ў чарговы раз. На працягу дзвюх дзён майстар Браслаўскага музея традыцыйнай культуры Ларыса Дарафейчык правяла чатыры практыкумы ў Даўгаўпілсе, у час якіх вучыла членаў таварыства “Уздым” роспісу велікодных яек.
Як адзначыла кіраўнік Цэнтра беларускай культуры Жанна Раманоўская, у ЦБК створаны ўсе ўмовы, каб людзі мелі магчымасць захоўваць сваю нацыянальную самаідэнтычнасць, творча самавызначацца і далучацца да беларускай культуры. Яны спяваюць, танцуюць, удзельнічаюць у тэатральных пастаноўках, пішуць вершы. Аднак такі пласт беларускай культуры, як народныя рамёствы, дэкаратыўна-прыкладное мастацтва, да гэтай пары былі мала развіты. Гэты прабел у 2015 годзе кампенсуе новы накірунак дзейнасці ЦБК. “Будзем вучыць жадаючых сваімі рукамі ствараць прыгажосць”, — сказала Жанна Раманоўская.
Летась аддзел ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама заключыў з грамадскім аб’яднаннем пагадненне, і такія мерапрыемствы ў яго рамках будуць праходзіць цяпер пастаянна.
Чарговыя майстар-класы правядуць у Даўгаўпілсе па тэхніцы ткацтва паясоў кіраўнік народнага клуба “Ля возера” Наталля Парахневіч і майстар Людміла Рулевіч, па саломапляценні – загадчык музея традыцыйнай культуры Эла Зінкевіч. Запланаваны таксама семінары і творчыя майстэрні па вырабе гліняных свістулек, разной драўлянай лыжкі, лялькі-абярэга, саламяных кветак. І ў гэтым нашым суседзям з Цэнтра беларускай культуры дапамогуць спецыялісты з Беларусі.
Зінаіда Аляксандрава.