Цяпер перад працаўнікамі сельскагаспадарчай вытворчасці стаяць дзве аднолькава важныя задачы: закончыць рамонт тэхнікі і прычапных агрэгатаў, каб своечасова распачаць веснавыя палявыя работы, і падрыхтаваць абсталяванне і інвентар для пераводу жывёлы на пашавае ўтрыманне. Як вырашаецца другая, карэспандэнт газеты Аляксандр Азевіч разам з намеснікам начальніка ўпраўлення райсельгасхарча Віктарам Казінцом і дырэктарам райплемстанцыі Валянцінай Бабуль у апошні дзень мінулага тыдня цікавіліся ў аграсэрвісе і КУСП «Браслаўскі».
Як расказваў па дарозе В. Казінец, для абслугоўвання дойнага статка ў летні перыяд патрэбна задзейнічаць 63 камплекты перасовачных даільных установак (ПДУ). Па справаздачах з месц, на 20 сакавіка да работы было падрыхтавана толькі трэць іх (21). Стопрацэнтная гатоўнасць установак да работы ў ААТ «Агравідзы» і ПГ «Урбаны», мабыць, і таму, што ў першай будуць задзейнічаны толькі 2, у другой — 3. 50% ад патрэбных даведзены да ладу ў СВК «Маяк Браслаўскі», аграсэрвісе, «Мяжаны». Па адной — дзве ПДУ падрыхтаваны да работы ў «Альшанцы», «Друйскім», «Відзаўскім», «Бярозавым краі» (пэўна, пакуль газета выйшла з друку, сітуацыя змянілася, бо ў многіх гаспадарках планавалася з дапамогай шэфаў у мінулую суботу ўшчыльную заняцца рамонтам ПДУ). Тым не менш, пакуль сітуацыя застаецца не ў лепшым стане.
Што датычыць першых дзвюх гаспадарак, то ў аграсэрвісе, напрыклад, падрыхтоўку да работы на пашы ПДУ, вобразна кажучы, можна было пашчупаць рукамі. Большасць установак знаходзіцца на цэнтральнай майстэрні. Пры нас механізатар заканчваў фарбаваць тры камплекты, ля двух другіх — завіхаўся зваршчык, які запэўніў, што не больш як праз гадзіну можна будзе фарбаваць і гэтыя ўстаноўкі. Калі ж прыехалі ў Цяцеркі, то там ля фермы ўбачылі ПДУ, зарослую пустазеллем, да якой яшчэ ніхто і не збіраўся падыходзіць.
Зрабілі ў аграсэрвісе і яшчэ адзін канкрэтны крок па падрыхтоўцы пераводу жывёлы на пашавае ўтрыманне. Пачынаючы з пятніцы, у Закор’і, дзе бяспрывязна ўтрымліваюцца цялушкі перадзлучнага ўзросту, арганізавалі іх паэтапнае адапціраванне да выпасу ў электраагароджы. Ля фермы выгарадзілі электрапастухом загон, у які завезлі сена, салому і на некалькі гадзін, падзяліўшы гурт на часткі, выпускаюць на пашу. Такім чынам, калі прыйдзе пара кругласутачнай пасьбы, маладняк паспее прывыкнуць да новых умоў і з ім будзе менш клопату пастухам.
У «Браслаўскім» таксама два трохсекцыйныя камплекты ПДУ рамантуюцца на мехдвары. Праўда, рамонт вядзецца неяк не надта мэтанакіравана: там падварана, там падфарбавана. За перакрыццё дахаў наогул не браліся. Лепш бы было канцэнтраваць работы ў адным месцы, а не распыляць сілы.
У Густатах, як і ў Цяцерках, да даільнай устаноўкі таксама яшчэ ніхто не падыходзіў. Увогуле гэтай ферме пара надаць пабольш увагі, бо з фасада яна патанае ў кармавых адыходах, з тылу і бакоў — у бур’яне. Прызнацца, у гэтай гаспадарцы, дзе неблагія надоі, чакаў большай культуры вытворчасці. А з парадку пачынаецца якасць прадукцыі, якая там сёння далёкая ад чакаемай.
Па прагнозах на красавік, вясна абяцае быць ранняй. І калі цяпер не прыкласці максімум намаганняў, каб як след падрыхтавацца да пашавага ўтрымання, пазней гэта рабіць не будзе каму, бо асноўныя сілы будуць задзейнічаны на пасяўной.
Аляксандр Азевіч.
Фота аўтара.