Побач з сэрцам

Главное

IMG_7033 (Medium)Менавіта такую назву далі свайму справаздачнаму канцэрту ўдзельнікі ўзорнага аркестра баянаў дзіцячай школы мастацтваў, якім кіруе таленавіты і вопытны педагог Ірына Бялусь.
Гук баяна нараджаецца літаральна на грудзях выканаўцы, побач з сэрцам. Адбываецца своеасаблівае зліццё музыканта з інструментам, які гучыць вельмі чароўна, калі ў яго ўкладзена душа. А што душы выхаванцаў дзіцячай школы мастацтваў сапраўды цесна пераплецены з іх любімымі музычнымі інструментамі, змаглі пераканацца ўсе, хто прыйшоў у мінулы панядзелак у гімназію. Сярод слухачоў былі родныя, сябры і знаёмыя, педагогі юных музыкантаў, а таксама шматлікія госці – удзельнікі міжнароднага маладзёжнага дыскусійнага лагера з розных гарадоў Беларусі і Даўгаўпілса, які працуе ўжо не першы год у час вясенніх канікулаў на базе гімназіі.
Юныя музыканты ДШМ выканалі шмат розных кампазіцый аркестрам, парадавалі і сольнымі нумарамі. Ногі так і прасіліся ў скокі пад “Бадзёрую польку”, якую выконваў Сцяпан Александровіч, “Вясёлага каўбоя” ў выкананні Алега Лапко, пад “Румбу”, “Экспромт”, “Гарманіст грае джаз”.
На працягу гадзіны юныя баяністы радавалі прысутных сваёй творчасцю, віртуознасцю, дэманстравалі ўменне і талент, якім навучыліся ў дзіцячай школе мастацтваў. У зале на працягу ўсяго канцэрта не сціхалі бурныя апладысменты, крыкі “брава”, “малайцы”.
Словам, падарожжа ў чароўны свет музыкі было хоць не вельмі працяглым, але ўражвальным. Пабольш бы такіх сустрэч.

Тэкст і фота Зінаіды Палулех.