Нядаўна пярвічка БРСМ Опсаўскай школы папоўніліся 27 новымі членамі. Зараз у яе радах 54 маладыя і актыўныя асобы, а гэта 100% ад моладзі, якая вучыцца ў школе і па ўзросце мае права быць членамі БРСМ. Школьная пярвічка жыве цікава і заўсёды ў першых радах у добрых справах, конкурсах, акцыях. А з прыняццем у свае рады новых членаў тут абяцаюць ладзіць яшчэ больш цікавых мерапрыемстваў.
— У склад нашай пярвічнай арганізацыі БРСМ уваходзяць самыя энергічныя і працавітыя вучні. Гэта дзеці, якія гатовы прыкласці намаганні, выкарыстаць магчымасці для таго, каб зрабіць школьнае жыццё больш яркім і цікавым, рэалізаваць свае задумы і добрыя справы, — расказвае намеснік дырэктара школы па выхаваўчай рабоце Аляксандра Крупко. — Асабліва актыўнай пярвічка стала ў апошнія гады, калі яе сакратаром была абрана наш педагог Таццяна Сцефановіч. Ініцыятыўная і актыўная, яна змагла зацікавіць моладзь у агульных справах.
І сапраўды, члены БРСМ робяць жыццё пярвічкі яркім, насычаным, разнастайным. Штогод актыўная моладзь школы прымае ўдзел у раённых конкурсах, якія ладзіць БРСМ, і амаль заўсёды вяртаецца з прызавымі месцамі. Сярод апошніх перамог можна ўзгадаць першыя месцы ў раённай ваеннай гульні “Зарніца”, конкурсе “Снежных фігур”, трэцяе ў “Школьным марафоне”.
Асабліва ганарацца школьнікі сваімі працоўнымі дасягненнямі. Школьны атрад “Страла” ў мінулым годзе шчыраваў на ўборцы камянёў, буракоў, дапамагаў на зернесушылцы, такім чынам аказваў пасільную дапамогу СВК “Маяк Браслаўскі”. Невыпадкова, што пасля падвядзення вынікаў “Страла”стала першай на раённым і абласным узроўнях сярод сельгасатрадаў.
А за гэтай перамогай хутка прыйшла і чарговая. І зноў школьная пярвічка стала першай, на гэты раз у раённым этапе рэспубліканскага конкурсу “Моладзь за чысціню гарадоў і вёсак”. У такім конкурсе школьнікі ўдзельнічалі ўпершыню. Цэлы год шчыравалі над добраўпарадкаваннем тэрыторыі каля школы і ў выніку сталі пераможцамі ў намінацыі “Лепшая ландшафтная кампазіцыя”.
Школьная моладзь ва ўсім, што робіць, дэманструе грамадзянскую пазіцыю, творчую актыўнасць і, што немалаважна, згуртаванасць калектыву. У сваей працы яны абапіраюцца на супрацоўніцтва з піянерскай арганізацыяй. Разам удзельнічаюць у розных мерапрыемствах і акцыях, арганізуюць паходы і экскурсіі па памятных мясцінах, звязаных з гераічным баявым і працоўным мінулым браслаўчан, ходзяць у музеі.
Шмат мерапрыемстваў ладзіць пярвічка БРСМ. Так, па ініцыятыве школьнікаў два разы на год ладзіцца дзень школьнага самакіравання. Такое мерапрымства, па меркаванні моладзі, развівае ў іх самастойнасць і пачуццё адказнасці за свае справы.
А яшчэ жыццё пярвічкі — гэта арганізацыя акцый “Цуды на Каляды”, “Падары кветкі маці”, конкурс “Альтэрнатыўная мода”, “Песенны марафон”, “Зорныя паходы” па месцах баявой славы, прафарыентацыйная работа, дапамога састарэлым і адзінокім. Круглы год пад асаблівай увагай актывістаў БРСМ добраўпарадкаванне помнікаў у Опсе і Вайнюнцах, тэрыторыі школы, вёскі. Таму, калі стала вядома, што заваліўся знакаміты дуб у аграгарадку, менавіта школьнікі першымі падалі ідэю пасадзіць на тым месцы новае дрэва, а праз некаторы час увасобілі яе ў жыццё.
Сярод самых актыўных членаў пярвічкі называюць імёны Надзі Бяловай, Дзімы Петкуна, Сашы Ходзюша, Стаса Пяткевіча, Алёны Жуцяйкінай, Дзяніса Лісоўскага, Улада Жусяля, Ані Мілевіч і Дашы Пучынскай. Дарэчы, дзве апошнія дзяўчынкі нядаўна сталі членамі раённай маладзёжнай палаты.
— Школьнікі лічаць, што ў радах БРСМ можна атрымаць выдатную магчымасць праявіць сябе ў грамадскім жыцці і ўвасобіць у рэальнасць свае ідэі, — дзеліцца сакратар пярвічкі Таццяна Сцефановіч. — У іх пастаянна з’яўляюцца новыя ідэі, і з імі яны бягуць да мяне. А ўжо разам мы ўвасабляем іх у жыццё.