Штогод у свеце вырабляюцца і прадаюцца мільёны адзінак электрычнага і электроннага абсталявання, і аб’ёмы яго продажу ўвесь час узрастаюць. Павелічэнне колькасці і наменклатуры спажывання ЭЭА непазбежна вядзе і да павелічэння адыходаў, якіх за год у нашай краіне налічваецца да 47 700 т. І пры гэтым нельга забываць, што практычна любое электрычнае і электроннае абсталяванне ўтрымлівае рэчывы, якія згубна ўздзейнічаюць на наваколле. Напрыклад, у кінескопе тэлевізара можа ўтрымлівацца да 2кг свінцу, а фрэон, што знаходзіцца ў старых халадзільніках, садзейнічае разбурэнню азонавага слою. Несумненна, усе гэтыя шкодныя рэчавы негатыўна ўплываюць і на здароўе людзей.
Менавіта таму ў многіх краінах свету надаецца вялікая ўвага перапрацоўцы і ўтылізацыі адыходаў ЭЭА. У Беларусі гэтай праблемай займаецца Цэнтр экалагічных рашэнняў, супрацоўнікі якога распрацавалі стратэгіі па зборы адыходаў электроннага і электрычнага абсталявання ад насельніцтва.
А з мінулага года Цэнтр запусціў праект “Асаблівасці кіравання адыходамі электрычнага і электроннага абсталявання”, галоўнай мэтай якога з’яўляецца зніжэнне колькасці адыходаў ЭЭА, што трапляюць на палігоны і несанкцыянаваныя звалкі. Пілотнымі рэгіёнамі сталі гарады Бабруйск, Жодзіна, трапіў пад увагу распрацоўшчыкаў праекта і наш раён. Дзякуючы гэтаму, за кошт еўрапейскага фінансавання ў Браславе, Ахрэмаўцах, Слабодцы і Відзах з’явіліся спецыяльныя кантэйнеры для збору дробнай і сярэдняй бытавой тэхнікі.
Далей сапсаванае абсталяванне вывозяць супрацоўнікі кампаніі “БелВТІ”, якая займаецца зборам і перапрацоўкай складанай бытавой тэхнікі з утрыманнем каштоўных металаў.
А на мінулым тыдні каардынатар праекта Анатоль Калач, яго асістэнтка Кацярына Еўсюковіч, дырэктар ААТ “БелВТІ” Аляксандр Кірпічнік і галоўны інжынер кампаніі Ігар Гарбачоў на базе ЖКГ “Браслаў-камунальнік” правялі для сталічных журналістаў канферэнцыю, каб пазнаёміць іх з этапамі рэалізацыі праекта.
На пачатку сустрэчы А. Калач і А. Кірпічнік агучылі мэты і задачы праекта, пазнаёмілі прадстаўнікоў СМІ з дзейнасцю “БелВТІ”, наколькі эфектыўна ажыццяўляецца гэты праект у нашым раёне, паведаміў галоўны інжынер ЖКГ “Браслаў-камунальнік” Алег Ляскоўскі.
Затым журналісты наведалі кропкі збору адыходаў ЭЭА, сустрэліся з прадстаўнікамі райпа і пазнаёміліся з сістэмай збору адыходаў у нашых магазінах.
Трэба адзначыць, што браслаўчане пакуль не вельмі актыўна здаюць сапсаваную тэхніку. У многіх яна стаіць дзе-небудзь у закутку — а раптам спатрэбіцца нейкая дэталь. Таму вельмі важна ў першую чаргу змяніць нашу свядомасць. З гэтай прычыны прадстаўнікі Цэнтра экалагічных рашэнняў праводзяць разнастайныя мерапрыемствы, дзе тлумачаць пра шкоду такіх адыходаў.
Вось і ў гэты дзень у гімназіі прайшла акцыя па зборы сапсаванай бытавой тэхнікі. Навучэнцы і настаўнікі прынеслі з дому старыя прасы, мабільныя тэлефоны, фены, відэамагнітафон. Усё гэтае ламачча загрузілі ў спецыяльную машыну кампаніі “БелТВІ”. Наведала спецтаксі і некалькі адрасоў па раёне. Так, Альберт Ракіцкі з в. Жвірблі развітаўся з чатырма нерабочымі тэлевізарамі і радыёлай. Адыходы накіраваліся ў сталіцу для далейшай перапрацоўкі.
Хочацца спадзявацца, што аранжавая спецмашына, якую, дарэчы, можна заказаць у ЖКГ “Браслаў-камунальнік” ці райпа, стане больш часта курсіраваць па нашым раёне, а электрычныя і электронныя адыходы не будуць наносіць шкоду наваколлю і нашаму здароўю.
Алена Пятушка.
Фота аўтара.