На якія толькі прыдумкі не ідуць людзі, калі трапляюць за незаконным промыслам у рукі інспектараў, каб толькі пазбегнуць пакарання. Прычым іншы раз зноў пераступаюць закон. Напрыклад, у лютым на адным з вадаёмаў запасу двое жыхароў г. Паставы лавілі шчупакоў на «флажкі». Кожны з іх выставіў па 10 прылад. Дзеючымі ж правіламі на такіх азёрах весці лоўлю з выкарыстаннем дзесяці кручкоў дазваляецца толькі членам БТПР, усім астатнім — не больш за пяць. Білетаў членаў таварыства ў пастаўчан не было, аднак яны пераконвалі інспектараў, што дакументы пакінулі дома і прывядуць іх у бліжэйшыя дні. І сапраўды, праз некалькі дзён яны даставілі білеты, што пацвярджалі іх членства ў таварыстве паляўнічых і рыбаловаў. Толькі вось дата іх выдачы выклікала падазрэнні.
Па нашай просьбе да праверкі на адпаведнасць тэрміну выдачы дакументаў падключыўся Пастаўскі райаддзел следчага камітэта. Нашы падазрэнні былі небеспадстаўнымі. Супрацоўнік СК высветлілі, што білеты затрыманым намі пастаўчанам былі выдадзены заднім чыслом. На паляўніцтвазнаўцу Пастаўскай арганізацыі БТПР. заведзена крымінальная справа па падазрэнні ў атрыманні хабару.
У выніку атрымалася, што і самі пастаўчане панеслі пакаранне, і ўцягнулі ў аферу службовую асобу.
Прывяду яшчэ адзін нядаўні выпадак. Не паспелі азёры поўнасцю ачысціцца ад лёду, як найбольш нецярплівым захацелася пабольш хапнуць рыбы, прычым незаконным спосабам. На днях у 6 гадзін раніцы на воз. Пагошча затрымалі двух мясцовых жыхароў з сеткамі (на здымку). Ім яшчэ «пашанцавала»: рыба ў незаконныя прылады не трапіла, таму не давядзецца, акрамя штрафу, выплачваць спагнанне за нанесены прыродзе ўрон.
Гэтыя прыклады прыводжу для таго, каб людзі ўрэшце зрузумелі, што рыбалоўныя, паляўнічыя і лясныя ўгоддзі знаходзяцца пад пільным кантролем. І спадзявацца на славуты «авось» не трэба.
Пра гэта сведчыць і статыстыка нашай дзейнасці. За першы квартал службай аддзела аховы прыродных комплексаў НП «Браслаўскія азёры» праведзена 255 рэйдаў. У ходзе іх выяўлена 115 парушэнняў прыродаахоўнага заканадаўства, з іх 91 у сферы рыбалоўства, 3 — палявання, 17 — лесакарыстання, 4 — пажарнай бяспекі. У парушальнікаў канфіскавана 6 сетак (260 м), 134 іншыя прылады лоўлі, 5 адзінак агнястрэльнай зброі, капкан, 32 кубаметры незаконна перавозімай драўніны, 119 кг мяса. На браканьераў заведзены 3 крымінальныя справы, 2 чалавекі асуджаны.
За тры месяцы на вінаватых у парушэннях прыродаахоўнага заканадаўства накладзена штрафаў у памеры 106,3 млн руб. і спагнанняў за нанесены прыродзе ўрон на 80,5 млн руб.
Іван Тышкевіч, начальнік аддзела аховы прыродных комплексаў
НП «Браслаўскія азёры». Фота аўтара.