Спаборнічалі агітбрыгады

Новости

IMG_8884 (Medium)Шмат добрых спраў і карысных учынкаў на рахунку пярвічак раённага аб’ядняння Беларускай рэспубліканскай піянерскай арганізацыі. Аднак піянерыя раёна паспявае не толькі ладзіць грамадскія справы, але яшчэ і весела адпачываць, удзельнічаць у цікавых мерапрыемствах, святах, конкурсах. Адзін з іх, агляд-конкурс піянерскіх агітбрыгад “Імем дастойныя называцца”, нядаўна сабраў самых актыўных і ініцыятыўных хлопчыкаў і дзяўчынак з 8 школ раёна.
Назва конкурсу выбрана невыпадкова, бо прымеркаваны ён да 70-ай гадавіны вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў і Перамогі савецкага народа ў Вялікай Айчыннай вайне. А мэта яго — выхаванне ў падрастаючага пакалення пачуцця патрыятызму і грамадзянскай пазіцыі.
Кожная каманда загадзя выбірала сабе адну з трох намінацый. Так, у “Піянер-герой — наш прыклад” дзеці расказвалі пра маленькіх герояў вялікай вайны. Пра свае добрыя справы, якімі яны з удзячнасцю за мірнае неба над зямлёй праслаўляюць імя герояў хваліліся ў “Героя славім справамі”. А ў намінацыі “Дзякуй земляку-пераможцу” школьнікі яшчэ раз уславілі тых, хто, не шкадуючы сябе, вызваляў нашу маленьку Радзіму — Браслаўшчыну.
Творчыя, усебакова развітыя і артыстычныя  хлопчыкі і дзяўчынкі выйшлі ў гэты дзень на сцэну прадэманстравалі свае здольнасці і вакальнае майстэрства, у цікавай захапляльнай форме расказалі пра сваю дзейнасць. Яны выкарыстоўвалі відэаролікі, праводзілі мультымедыйныя прэзентацыі. Трапна, вобразна, эфектна піянеры словам і песняй “грамілі” ворага, складалі оду міру, расказвалі пра герояў.
Вызначыць пераможцаў аказалася справай няпростай: усе каманды прадэманстравалі высокі ўзровень падрыхтоўкі і выступілі дастойна. У выніку 3 месца заваявалі прадстаўнікі агітбрыгады “Патрыёт” Ахрэмаўскага сада-школы. Другое месца ў каманды “Недзіцячы час” Опсаўскага сада-школы. А лідарам агляду-конкурсу “Імем дастойныя называцца” стала піянерская агітбрыгада “Дзеці Перамогі” СШ№2, выступленне якой найбольш адпавядае патрабаванням агітацыйна-прапагандысцкага жанру. Менавіта яны і прадставяць у красавіку наш раён на аналагічным абласным конкурсе.

Таццяна Пятушка.
Фота аўтара.