Здаецца домік

Главное

Як кажуць, ужо не за гарамі пачатак турыстычнага сезона. Штогод летам на Браслаўшчыне адпачывае не адна тысяча турыстаў. І размяшчаюцца яны не толькі на тураб’ектах нацыянальнага парка ці турбазы, а і ў прыватных дамах ці кватэрах. Усім добра вядома, што далёка не заўжды гэта сваякі ці блізкія знаёмыя, часта — проста «кліенты», якія плацяць за паслугу часовага пражывання. Як у такім выпадку тым, хто прымае гасцей, не трапіць у лік прадстаўнікоў ценявога бізнесу, гутарка рэдактара райгазеты Казіміра Пятушкі з юрысконсультам інспекцыі па падатках і зборах Галінай Палякоўскай.
— Галіна Віктараўна, як найчасцей на законных падставах браслаўчане ў прыватным парадку прымаюць у сябе на адпачынак гасцей?
— Дзеючым заканадаўствам прадугледжана, што фізічная асоба можа аказваць паслугі ў сферы аграэкатурызму. Для гэтага суб’ект аграэкатурызму ці член яго сям’і, які жыве ў сельскай мясцовасці ці ў малых гарадскіх паселішчах, як і г. Браслаў, павінен мець свабодныя жылыя пакой (не больш за 10) у адным ці некалькіх жылых дамах (кватэрах), якія належаць фізічнай асобе на праве ўласнасці. Да таго ж займацца вытворчасцю і (ці) перапрацоўкай сельгаспрадукцыі, азнаямляць аграэкатурыстаў з прыроднымі і архітэктурнымі аб’ектамі, нацыянальна-культурнымі традыцыямі мясцовасці. Пры гэтым суб’екты аграэкатурызму перад пачаткам сваёй дзейнасці аплачваюць збор у памеры адной базавай велічыні (цяпер 180 тыс. руб.), а потым і за кожны наступны каляндарны год. Штогод гаспадары аграэкасядзіб да 10 студзеня абавязаны падаваць у падатковы орган інфармацыю пра заключэнне ці адсутнасць дагавораў на аказанне паслуг у сферы аграэкатурызму за справаздачны год. За 2014 год 208 такіх фізічных асоб аплацілі ў бюджэт збор на суму 32,5 млн руб., а за 2 месяцы бягучага — 5,5 млн. руб.
— Скажам, ва ўласным доме ці кватэры ёсць свабодныя памяшканні і намер гаспадара прыняць турыстаў, але няма магчымасцей ці жадання займацца з імі. Як быць у такім выпадку?
— Заканадаўства дазваляе для атрымання фізічнай асобай даходаў здаваць унаём (паднаём) памяшканні. Для гэтага перад здачай у арэнду (субарэнду), наём (паднаём) памяшканняў трэба заключыць з кліентамі дагавор і зарэгістраваць яго ў органе ўлады па месцажыхарстве ці арганізацыі, якая здзяйсняе эксплуатацыю жыллёвага фонду, і аплаціць у бэджэт падаходны падатак у фіксаваных сумах, які ў адпаведнасці з рашэннем абласнога Савета дэпутатаў для г. Браслава складае 80 тыс. руб. у месяц за кожнае жылое памяшканне, у іншых населеных пунктах раёна — 60 тыс. руб.
Пры гэтым плацельшчык самастойна выбірае спосаб аплаты фіксаваных сум падатку — за ўвесь каляндарны год ці за адзін мясяц. Ад аплаты такога падатку вызваляюцца фізічныя асобы, якія атрымліваюць даход ад здачы ўнаём жылых памяшканняў маладым спецыялістам, накіраваным на работу па размеркаванні.
За 2014 год 121 фізічная асоба, якая здавала ў арэнду ці ўнаём памяшканні, аплаціла ў бюджэт падаходны падатак у фіксаваных сумах у агульным памеры 92,9 млн руб., а за студзень–люты 2015-га — 4,7 млн руб.
— А як прававое поле распаўсюджваецца на гаспадароў дачных домікаў, якія таксама прымаюць турыстаў?
— Грамадзянам, якія плануюць займацца такой дзейнасцю, трэба рэгістравацца ў якасці індывідуальных прадпрымальнікаў і пры здачы ў наём (паднаём) жылых памяшканняў па заключаных у календарным годзе 2-х і больш дагаворах, працягласць кожнага з якіх не перавышае 15-і дзён, аплачваць адзіны падатак з індывідуальных прадпрымальнікаў. Сума яго для г. Браслава складае 400 тыс. руб. у месяц, для іншых населенных пунктаў раёна — 260 тыс. руб. Пры гэтым трэба ведаць, што пры выяўленні фактаў здачы ўнаём (паднаём) жылых памяшканняў для кароткатэрміновага пражывання фізасобамі, не зарэгістраванымі ў якасці ІП, адзіны падатак разлічваецца падатковымі органамі ў пяцікратным памеры.
За мінулы год 9 індывідуальных прадпрымальнікаў, якія здавалі ўнаём жылыя памяшканні для кароткатэрміновага пражывання аплацілі ў бюджэт адзіны падатак з ІП на суму 32,5 млн руб., за 2 месяцы бягучага — 4,7 млн руб.
Увогуле ж лічу неабходным папярэдзіць, што парушэнне фізічнымі асобамі патрабаванняў заканадаўства пры здачы ў арэнду, наём жылых і нежылых памяшканняў, аказанні паслуг у сферы аграэкатурызму, здзяйсненне прадпрымальніцкай дзейнасці без дзяржаўнай рэгістрацыі ў якасці ІП цягне прымяненне мер адміністрацыйнай адказнасці аж да 100 БВ.
А з канкрэтнымі пытаннямі па агучанай тэме можна звяртацца непасрэдна ў інспекцыю ці па тэлефонах 62-8-54, 62-6-64.