Чарговая перамога “Покера”

Люди

1362486277_0У Мінску 1 красавіка адбыўся рэспубліканскі фестываль гумару “Смехата”, прымеркаваны да міжнароднага Дня смеху. Сярод яго шматлікіх удзельнікаў з усёй краіны былі і нашы землякі: Браслаўшчыну на мерапрыемстве прадстаўляў народны тэатр мініяцюр “Покер” пад рэжысурай Яўгена Набеева.
У адборачным туры фестывалю свае сілы спрабавалі многія калектывы, аднак на выніковы гала-канцэрт здолелі патрапіць толькі 7 з іх, у тым ліку і наш. Дарэчы, “Покер” аказаўся адзіным прадстаўніком Віцебскай вобласці, які ў той дзень прабіўся на сцэну сталічнага маладзёжнага тэатра эстрады.
У выніку журы высока ацаніла гумар і артыстызм браслаўчан: нашы землякі занялі першае месца ў намінацыі “Салагі фестывалю”, у якой за перамогу змагаліся навічкі. Акрамя адпаведнага дыплома, “Покер” прывёз з Мінска новыя ўражанні, бясцэнны вопыт і права ўдзелу ў фестывалі 2016 года па-за адборачным конкурсам.
Як трапна адзначыла дырэктар Браслаўскага РДК Таццяна Кука, гэта перамога стала вельмі значным дасягненнем не толькі народнага тэатра, але і Дома культуры ў цэлым. “Бо раённым калектывам гучна заявіць пра сябе на рэспубліканскім узроўні — гэта як мінімум паважна,”— рэзюмавала яна.
Нам жа застаецца толькі павіншаваць “Покер” з чарговай перамогай і пажадаць яму поспехаў на сцэне і надалей.

Вячаслаў Каладынскі.