Цікава правесці канікулы дапамог лагер

Главное

IMG_3489 (Small)Весела, цікава, пазнавальна, карысна для сябе і людзей, што жывуць побач, так прайшоў час ў лагеры “Сонейка” на базе СШ №2 падчас вясенніх канікулаў. Трыццаць вучняў 1 — 4 класаў раніцай з задавальненнем крочылі ў лагер, дзе, па іх жа словах, кожны дзень быў насычаным разнастайнымі мерапрыемствамі, паходамі, экскурсіямі.
Сёлета работа лагера праходзіла пры ўзаемадзеянні з вялікай колькасцю ўстаноў і арганізацый раёна. Напрыклад, супрацоўнікі музейнага аб’яднання расказвалі пра гісторыю браслаўскай зямлі, дэманстравалі экспанаты, знойдзеныя падчас раскопак на замчышчы. Дзеці таксама змаглі паглядзець відэафільм, “Браслаў старажытны, Браслаў сучасны”створаны старшакласнікамі, які, дарэчы, заняў першае месца ў мінулым годзе ў абласным конкурсе. Пазней, з дапамогай віктарыны “Сем цудаў горада і раёна” маленькія наведвальнікі лагера замацавалі веды пра родны край.
Даведаліся яны таксама і пра важныя юбілейныя даты гэтага года. Вельмі ўразіла вучняў мерапрыемства, “Са школьнага парога крочылі ў вайну”наладжанае супрацоўнікамі дзіцячай бібліятэкі. На ім бібліятэкар расказала пра дзяцей вайны, іх пакуты, мужнасць і гераізм. Школьнікі з гонарам пераказвалі гераічныя ўчынкі сваіх продкаў сябрам і настаўнікам. Працягам мерапрыемстваў патрыятычнай накіраванасці стала “Гадзіна добраўпарадкавання роднай зямлі”, падчас якой яны прыбіралі могілкі воінскага захавання ля ЦДіМ, дапамаглі навесці парадак ля дома ветэрана Мар’яна Ракіцкага.
Цікавым для іх стаў і практыкум-падарожжа“Грошы народаў свету”, праведзены ў ЦДіМ. З задавальненнем вучні прынялі ўдзел і ў конкурсе па стварэнні юбілейнай купюры горада Браслава.
Пры наведванні музея традыцыйнай культуры выхаванцы лагера змаглі паглядзець батлейку “Легенда пра Браслаў”, а таксама навучыліся распісваць велікодныя яйкі (пісанкі), як рабілі гэта нашы продкі.
Яшчэ шмат цікавых сустрэч і мерапрыемстваў прайшло для наведвальнікаў лагера ў канікулярны час: спартландыі, паход у кінатэатр, сустрэча з протаіерэем Анатолем і знаёмства са свяшчэнным пісаннем, гуканне вясны ў леснічоўцы і многія іншыя.
Дарэчы, пры запаўненні анкет у апошні дзень лагера дзеці адзначылі, што ім спадабалася ўсё — ад ранішняй зарадкі, абедаў і мультфільмаў да сур’ёзных пазнавальных мерапрыемстваў, якія заўсёды праходзілі цікава.

Вольга Патаповіч.