Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка 2 красавіка падпісаў дэкрэт нумар 3 «Аб папярэджанні сацыяльнага ўтрыманства». Прававы акт выдадзены ў мэтах стымулявання працаздольных грамадзян да працоўнай дзейнасці і забеспячэння выканання імі канстытуцыйнага абавязку па ўдзеле ў фінансаванні дзяржаўных расходаў.
Дэкрэтам прадугледжаны абавязак па штогадовай выплаце збору на фінансаванне дзяржрасходаў для тых, хто ў каляндарным годзе не ўдзельнічаў у фінансаванні дзяржаўных расходаў або ўдзельнічаў у такім фінансаванні менш за 183 дні ў год. Памер збору складае 20 базавых велічынь (зыходзячы з памеру БВ, устаноўленай на 1 студзеня адпаведнага падатковага перыяду). Размова ідзе аб працаздольных грамадзянах, якія пастаянна пражываюць на тэрыторыі Беларусі.
Вызваляюцца ад выплаты збору грамадзяне, якія прыбылі ў рэспубліку на пастаяннае месца жыхарства пасля 31 сакавіка або выбылі на пастаяннае месца жыхарства з рэспублікі, а таксама грамадзяне Беларусі, якія фактычна знаходзіліся за яе межамі больш за 183 дні.
Дэкрэтам вызначаны перыяды ўдзелу грамадзян у фінансаванні дзяржаўных расходаў. Гэта перыяды работы па працоўным дагаворы (кантракце), ваеннай службы, вучобы на дзённай форме атрымання адукацыі. Гэта таксама перыяды самазанятасці грамадзян: выканання работ па грамадзянска-прававых дагаворах, ажыццяўлення прадпрымальніцкай, рамеснай дзейнасці, дзейнасці па аказанні паслуг у сферы аграэкатурызму, іншых відаў дзейнасці пры ўмове выплаты адпаведных падаткаў або збораў; ажыццяўлення адвакацкай або натарыяльнай дзейнасці, вядзення асабістай падсобнай гаспадаркі. У перыяд удзелу ў фінансаванні залічваюцца таксама перыяды, калі грамадзянін не працаваў па ўважлівых прычынах, напрыклад перыяды зарэгістраванага беспрацоўя; атрымання дзяржаўных пенсій і дапамог (за выключэннем дапамог, маючых аднаразовы характар); часовай непрацаздольнасці; выхавання ў сям’і адным з бацькоў дзіцяці ва ўзросце да 7 гадоў, дзіцяці-інваліда ва ўзросце да 18 гадоў, траіх і больш непаўналетніх дзяцей. Перыяды ўдзелу ў фінансаванні дзяржаўных расходаў падсумоўваюцца, калі яны не супадаюць па часе. У выпадку супадзення па часе перыядаў улічваецца адзін з іх.
Магчыма сітуацыя, калі перыяд удзелу грамадзян у фінансаванні дзяржаўных расходаў — менш за 183 каляндарныя дні. Грамадзяне вызваляюцца ад выплаты збору, калі яны мелі даходы і заплацілі падаткі, напрыклад падаходны падатак з фізічных асоб у памеры 20 базавых велічынь і больш (адзіны падатак з індывідуальных прадпрымальнікаў і іншых фізічных асоб, падатак пры спрошчанай сістэме падаткаабкладання). Пры выплаце падаткаў у памеры менш як 20 базавых велічынь сума збору змяншаецца на сумы выплачаных падаткаў.
Дэкрэт распаўсюджвае сваё дзеянне на адносіны, што ўзніклі з 1 студзеня 2015 года.
На пытанні, што датычацца прымянення дэкрэта нумар 3, у час анлайн-канферэнцыі на сайтах БЕЛТА і Мінпрацы і сацабароны 6 красавіка адказалі намеснік міністра працы і сацыяльнай абароны Валерый Кавалькоў, начальнік галоўнага ўпраўлення падаткаабкладання фізічных асоб Міністэрства па падатках і зборах Міхаіл Расолька, начальнік Дэпартамента па грамадзянстве і міграцыі Міністэрства ўнутраных спраў Аляксей Бягун, а таксама спецыялісты Мінпрацы і сацабароны, МПЗ, МУС. Каля 60 пытанняў паступіла на анлайн-канферэнцыю. Адказы на іх размешчаны ў адкрытым доступе на сайтах www.belta.by і www.mintrud.gov.by.
Сума збору 20 БВ адпавядае сярэдняй паўгадавой суме падаходнага падатку з фізічных асоб — Кавалькоў
Сума збору на фінансаванне дзяржаўных расходаў у памеры 20 базавых велічынь (БВ) арыенціровачна адпавядае сярэдняй паўгадавой суме падаходнага падатку з фізічных асоб, выплачанага плацельшчыкамі такога падатку ў 2013 годзе.
Адказваючы на пытанне аб тым, як суадносіцца памер збору з сумай дзяржрасходаў у разліку на аднаго чалавека, намеснік міністра працы і сацыяльнай абароны Беларусі Валерый Кавалькоў адзначыў, што ў адпаведнасці з дэкрэтам нумар 3 грамадзянін абавязаны заплаціць у бюджэт за адпаведны год збор на фінансаванне дзяржаўных расходаў у суме 20 базавых велічынь зыходзячы з памеру базавай велічыні, устаноўленай на 1 студзеня адпаведнага падатковага перыяду.
Плацельшчыкамі збору на фінансаванне дзяржаўных расходаў прызнаюцца працаздольныя грамадзяне Беларусі, замежныя грамадзяне і асобы без грамадзянства, якія атрымалі дазвол на пастаяннае пражыванне ў рэспубліцы, у выпадку іх няўдзелу ў фінансаванні дзяржаўных расходаў або ўдзелу ў такім фінансаванні менш за 183 каляндарныя дні ў каляндарным годзе.
Інфармацыйная база плацельшчыкаў збору на фінансаванне дзяржрасходаў будзе фарміравацца ў Беларусі штогод
Паводле слоў Валерыя Кавалькова, у краіне будзе фарміравацца спіс плацельшчыкаў збору на фінансаванне дзяржрасходаў. Для гэтага Міністэрства па падатках і зборах сумесна з дзяржаўнымі органамі, падпарадкаванымі Прэзідэнту, рэспубліканскімі органамі дзяржкіравання, мясцовымі выканаўчымі і распарадчымі органамі штогод будзе фарміраваць інфармацыйную базу плацельшчыкаў збору. База даных у рэгіянальным разрэзе будзе накіроўвацца ў падатковыя органы для прыняцця мер. Гэта, у сваю чаргу, забяспечыць планамерную работу падатковых органаў па кантролі за паступленнем даходаў у мясцовыя бюджэты, падкрэсліў Валерый Кавалькоў.
Ён дадаў, што сродкі ад збору на фінансаванне дзяржаўных расходаў будуць залічвацца ў мясцовыя бюджэты базавага ўзроўню і бюджэт Мінска, што дасць магчымасць павялічыць рэсурсную базу гэтых органаў улады і накіраваць дадатковыя сродкі на вырашэнне актуальных для рэгіёна задач.
Залік перыядаў выплаты збору на фінансаванне дзяржрасходаў у стаж для назначэння пенсіі неапраўданы — Кавалькоў
Адказваючы на пытанне аб тым, ці ўключаецца ў працоўны стаж для назначэння пенсіі каляндарны год, за які будзе выплачаны збор на фінансаванне дзяржрасходаў, Валерый Кавалькоў адзначыў: «У дэкрэце нумар 3 размова ідзе аб перыядах, на працягу якіх працаздольныя людзі не працавалі, не ажыццяўлялі дзейнасць у адпаведнасці з заканадаўствам. У сувязі з гэтым іх абавязваюць выплаціць дзяржаве адпаведны збор. Залік у стаж для назначэння пенсіі такіх перыядаў неапраўданы. Працоўная пенсія павінна зарабляцца. Для фарміравання пенсійных правоў за канкрэтнага грамадзяніна павінны быць выплачаны ў пенсійную сістэму мэтавыя пенсійныя ўзносы».
Намеснік міністра растлумачыў, што ў стаж для назначэння пенсіі ўключаюцца перыяды работы і іншай дзейнасці з выплатай абавязковых страхавых узносаў у бюджэт дзяржаўнага пазабюджэтнага фонду сацыяльнай абароны насельніцтва. Нараўне з работай у стаж для назначэння пенсіі таксама залічваюцца асобныя сацыяльна значныя віды дзейнасці без выплаты страхавых узносаў: гэта час знаходжання ў водпуску па доглядзе дзіцяці, догляду інваліда першай групы і чалавека, які дасягнуў 80-гадовага ўзросту, і інш. Пашырэнне гэтых відаў дзейнасці не плануецца, падкрэсліў Валерый Кавалькоў.
Дэкрэт нумар 3 захоўвае паслядоўнасць у рэалізацыі дзяржаўнай сямейнай палітыкі па падтрымцы слабаабароненых катэгорый сем’яў — Кавалькоў
Намеснік міністра працы і сацыяльнай абароны Беларусі Валерый Кавалькоў адзначыў, што ўдзелам у фінансаванні дзяржрасходаў для аднаго з бацькоў залічваюцца перыяды выхавання ў сям’і дзяцей ва ўзросце да 7 гадоў, паколькі атрыманне дашкольнай адукацыі ў адпаведнасці з заканадаўствам не з’яўляецца абавязковым і забяспечанасць дзяцей месцамі ва ўстановах дашкольнай адукацыі складае цяпер менш як 100 працэнтаў (у прыватнасці, у 2013 годзе — 74,5 працэнта). Акрамя таго, навучанне ва ўстановах агульнай сярэдняй адукацыі пачынаецца з 6- або 7-гадовага ўзросту дзіцяці ў залежнасці ад медыцынскіх і іншых паказанняў, гэта значыць ёсць неабходнасць догляду дзяцей дашкольнага ўзросту. Догляд дзіцяці-інваліда ва ўзросце да 18 гадоў, выхаванне траіх і больш непаўналетніх дзяцей таксама ўлічваецца як удзел у фінансаванні дзяржрасходаў.
Удзельнікі анлайн-канферэнцыі адказалі на шэраг пытанняў прыватнага характару, якія закранаюць канкрэтныя сітуацыі сем’яў.
Так, напрыклад, муж, які займаюцца выхаваннем дзяцей 4 і 8 гадоў (зарплата жонкі значна вышэйшая) не будзе з’яўляцца плацельшчыкам збору на фінансаванне дзяржаўных расходаў, калі на працягу 2015 года ён будзе больш як 183 каляндарныя дні выхоўваць дзіця ва ўзросце да 7 гадоў. Дакументамі, якія пацвярджаюць такі факт, могуць стаць копія пасведчання аб нараджэнні дзіцяці і інфармацыя аб перыядзе і месцы работы жонкі.
Непрацуючая маці траіх непаўналетніх дзяцей цікавіцца, ці павінна плаціць збор, як толькі самаму старэйшаму дзіцяці споўніцца 18 гадоў, калі яна не працаўладкуецца. Валерый Кавалькоў растлумачыў, што перыяд удзелу ў фінансаванні дзяржрасходаў для шматдзетнай сям’і абмежаваны ўзростам надыходу паўналецця самага старэйшага з траіх дзяцей. «Маці пасля дасягнення паўналецця найстарэйшым дзіцем у выпадку яе няўдзелу ў фінансаванні дзяржаўных расходаў абавязана будзе выплаціць збор. Пры гэтым, калі ў сям’і выхоўваецца хаця б адно дзіця ва ўзросце да 7 гадоў, яна па-ранейшаму будзе прызнавацца ўдзельніцай фінансавання дзяржрасходаў, гэта значыць не будзе выплачваць збор», — сказаў намеснік міністра.
Адказваючы на пытанне аб тым, хто з двух непрацуючых бацькоў у шматдзетнай сям’і трапіць у спіс плацельшчыкаў, намеснік міністра растлумачыў: «Дэкрэтам прызнаецца ўдзельнікам фінансавання дзяржаўных расходаў адзін з бацькоў (усынавіцеляў, апекуноў і інш.), які выхоўвае дзіця ва ўзросце да 7 гадоў, дзіця-інваліда ва ўзросце да 18 гадоў, траіх і больш непаўналетніх дзяцей. З улікам норм Канстытуцыі аб раўнапраўі мужчын і жанчын у сямейных адносінах рашэнне аб выплаце збору адным з бацькоў павінна прымацца сям’ёй».
Кавалькоў растлумачыў, чаму вядзенне асабістай падсобнай гаспадаркі вяскоўцамі вызваляе іх ад выплаты збору
Удзельнікам анлайн-канферэнцыі паступіла пытанне, чаму жыхары сельскай мясцовасці фактычна вызвалены ад выплаты падатку пры ўмове, што вядуць дамашнюю гаспадарку, а гараджане — не (маўляў, гараджане таксама часта вырошчваюць агародніну і садавіну на дачах, некаторыя прадаюць іх на рынках). Валерый Кавалькоў растлумачыў, што норма аб вызваленні ад выплаты збору асоб, якія пражываюць у сельскай мясцовасці або пасёлку гарадскога тыпу і вядуць асабістую падсобную гаспадарку, прадугледжана пунктам 5.11 дэкрэта нумар 3. «У пэўнай меры такая катэгорыя грамадзян была вызвалена ад выплаты збору, у тым ліку ў сувязі з некаторымі складанасцямі пры працаўладкаванні. Сёння з 27 тыс. заяўленых вакансій 82 працэнты прыпадаюць на гарадскую мясцовасць», — адзначыў намеснік міністра.
У дэкрэце нумар 3 улічаны розныя варыянты занятасці грамадзян. Так, перыядамі ўдзелу ў фінансаванні дзяржаўных расходаў лічацца перыяды ажыццяўлення прадпрымальніцкай дзейнасці ў якасці ІП; выканання работ па грамадзянска-прававых дагаворах; ажыццяўлення рамеснай дзейнасці; а таксама перыяды, на працягу якіх грамадзянін, зарэгістраваны па месцы жыхарства ў сельскім населеным пункце, пасёлку гарадскога тыпу, вёў асабістую падсобную гаспадарку. Факт і перыяд вядзення асабістай падсобнай гаспадаркі грамадзянінам, якому (членам сям’і якога) для гэтых мэт прадастаўлены зямельны ўчастак, пацвярджаюцца сельскім (пасялковым) выканаўчым і распарадчым органам.
Тэрмін паведамлення наймальнікам аб вакансіях прапануецца скараціць да 5 дзён і павялічыць штраф за яго парушэнне — Кавалькоў
Паводле слоў намесніка міністра, прадугледжваецца таксама ўстанавіць абавязак наймальнікаў па інфармаванні службы занятасці аб маючым адбыцца вызваленні работнікаў з мэтай аператыўнага аказання ім садзейнічання ў працаўладкаванні, абмінаючы стадыю беспрацоўя. «Лічым, што такія змяннені дадуць магчымасць больш аператыўна аказваць садзейнічанне беспрацоўным у працаўладкаванні», — сказаў Валерый Кавалькоў.
Сітуацыя на рынку працы рэспублікі характарызуецца зніжэннем попыту на рабочую сілу і павелічэннем колькасці зарэгістраваных беспрацоўных. Так, на 1 сакавіка гэтага года наймальнікі заявілі ў службу занятасці аб 26,5 тыс. вакансій, на ўліку знаходзілася 35,9 тыс. беспрацоўных, узровень зарэгістраванага беспрацоўя склаў 0,8 працэнта ад колькасці эканамічна актыўнага насельніцтва (пры прагнозе на канец года — 1,5 працэнта). «У гэтых умовах тэрытарыяльныя службы занятасці павялічылі накіраванне беспрацоўных на навучанне (перанавучанне), каб яны атрымалі прафесію, запатрабаваную на рынку працы, і хутчэй знайшлі работу. У параўнанні з 2014 годам колькасць накіраваных на прафнавучанне беспрацоўных павялічылася на 40 працэнтаў. Актывізавана таксама накіраванне грамадзян (і беспрацоўных, і тых, хто не мае статусу беспрацоўнага, але хоча атрымаць дадатковы даход) на аплатныя грамадскія работы», — адзначыў Валерый Кавалькоў.
Дзяржаўнай праграмай садзейнічання занятасці насельніцтва Рэспублікі Беларусь на 2015 год вызначаны мерапрыемствы актыўных мер палітыкі занятасці, у тым ліку перасяленне беспрацоўных на новае месца жыхарства і работы, прадастаўленне субсідый для адкрыцця ўласнай справы, адаптацыя інвалідаў да працоўнай дзейнасці і інш. На рэалізацыю дзяржпраграмы прадугледжана Br241 млрд 150 млн.
У легальна працуючых за межамі Беларусі праблем са зборам на фінансаванне дзяржрасходаў не ўзнікае — МПЗ
«Ад выплаты збору за адпаведны падатковы перыяд вызвалены грамадзяне, якія фактычна знаходзіліся на тэрыторыі Беларусі менш як 183 каляндарныя дні. Зразумела, што факт знаходжання за межамі рэспублікі павінен быць пацверджаны дакументальна», — падкрэсліў начальнік галоўнага ўпраўлення падаткаабкладання фізічных асоб Міністэрства па падатках і зборах Міхаіл Расолька.
Адказваючы на пытанне аб тым, як пацвердзіць сваю адсутнасць на тэрыторыі Беларусі калі штампа аб перасячэнні граніцы ў чалавека няма (напрыклад, у выпадку выезду ў Расію), прадстаўнік МПЗ адзначыў, што дзень уезду і выезду фізічнай асобы вызначаецца на падставе праязных дакументаў, адзнак, якія ўносяцца ў дакументы, што засведчваюць асобу. Калі дакументы не дазваляюць адназначна вызначыць час фактычнага знаходжання фізічнай асобы на тэрыторыі рэспублікі, плацельшчык прадстаўляе ў падатковы орган дакументы, якія пацвярджаюць месца яго фактычнага знаходжання на працягу каляндарнага года, а таксама любыя іншыя дакументы, якія могуць служыць падставай для вызначэння месца яго фактычнага знаходжання. Гэта дакумент, што засведчвае асобу; копіі дакументаў, якія пацвярджаюць месца жыхарства (пры яго наяўнасці) на тэрыторыі Беларусі або замежнай дзяржавы (копіі дагавора куплі-продажу, найму (паднайму) жылога памяшкання і іншыя); копіі дакументаў, што пацвярджаюць атрыманне на тэрыторыі Беларусі або замежнай дзяржавы даходаў па працоўных, грамадзянска-прававых дагаворах; копіі іншых дакументаў, якія пацвярджаюць месца фактычнага знаходжання на тэрыторыі рэспублікі або замежнай дзяржавы (жыхарства, знаходжання, работы, службы, вучобы) фізічнай асобы на працягу каляндарнага года (гадоў); копіі іншых дакументаў, што пацвярджаюць уезд у Беларусь (выезд з Беларусі) і час знаходжання на тэрыторыі Беларусі або замежнай дзяржавы.
Сярод плацельшчыкаў збору на фінансаванне дзяржрасходаў першачаргова правераць тых, хто рабіў дарагія пакупкі — МПЗ
Аб гэтым паведаміў начальнік галоўнага ўпраўлення падаткаабкладання фізічных асоб Міністэрства па падатках і зборах Міхаіл Расолька.
Адносна плацельшчыкаў збору падатковым органам прадастаўлена права ажыццяўляць кантроль у сферы дэкларавання даходаў і маёмасці і кантроль за адпаведнасцю расходаў грамадзяніна яго даходам. «У першую чаргу будуць правераны грамадзяне, якія не ўдзельнічалі ў фінансаванні дзяржаўных расходаў, але пры гэтым рабілі дарагія пакупкі», — сказаў прадстаўнік МПЗ.
Дэкрэт нумар 3 будзе садзейнічаць выкараненню зарплаты ў канвертах — Расолька
Такое меркаванне выказаў начальнік галоўнага ўпраўлення падаткаабкладання фізічных асоб Міністэрства па падатках і зборах Міхаіл Расолька.
«Дэкрэт быў падрыхтаваны ў тым ліку ў мэтах забеспячэння выканання канстытуцыйнага абавязку грамадзян па ўдзеле ў фінансаванні дзяржаўных расходаў шляхам выплаты падаткаў, пошлін і іншых плацяжоў, — сказаў прадстаўнік МПЗ. — На жаль, факты ўтойвання грамадзянамі даходаў ад падаткаабкладання і атрымання ценявых даходаў усё яшчэ маюць месца».
Рэалізацыя дэкрэта будзе садзейнічаць выкараненню такіх негатыўных фактаў, як выплата зарплаты ў канвертах або атрыманне даходаў ад незарэгістраванай прадпрымальніцкай дзейнасці, лічыць Міхаіл Расолька.
Паведамленні аб выплаце збору на дзяржрасходы ўручаць да 1 кастрычніка 2016 года, разлічыцца трэба да 15 лістапада
Паведамленне на выплату збору падатковы орган уручыць плацельшчыку да 1 кастрычніка года, што ідзе за мінулым падатковым перыядам. «Першы раз — да 1 кастрычніка 2016 года, збор трэба будзе заплаціць да 15 лістапада», — растлумачыў Валерый Кавалькоў.
Намеснік міністра адзначыў, што дэкрэт нумар 3 прадугледжвае змяншэнне памеру збору ў мэтах стымулявання да яго самастойнай выплаты. Сума будзе зменшана на 10 працэнтаў, калі плацельшчыкі збору з 1 жніўня і не пазней за 31 мая года, які ідзе за мінулым падатковым перыядам, паведамяць у падатковы орган па месцы сваёй рэгістрацыі аб няўдзеле ў фінансаванні дзяржаўных расходаў або ўдзеле ў такім фінансаванні менш за 183 каляндарныя дні. На 10 працэнтаў менш трэба будзе выплаціць і тым, хто на падставе паведамлення разлічыўся да 1 ліпеня года, што ідзе за мінулым падатковым перыядам.
МПЗ: грамадзянін зможа на працягу 30 дзён даказаць, што не абавязаны плаціць збор
Грамадзянін мае права на працягу 30 каляндарных дзён з дня атрымання паведамлення прадставіць у падатковы орган дакументы, тлумачэнні, якія сведчаць аб адсутнасці ў яго абавязку па выплаце збору за адпаведны падатковы перыяд або аб няправільным вылічэнні сумы збору.
Гэтыя дакументы, тлумачэнні разглядаюцца падатковым органам на працягу месяца. Меры па спагнанні збору ў гэты час прымацца не будуць, адзначыў Міхаіл Расолька. У названы тэрмін падатковы орган прыме рашэнне аб пацвярджэнні раней уручанага паведамлення, унясенні ў яго змяненняў або ануляванні. У выпадку пропуску па ўважлівай прычыне тэрміну прадстаўлення дакументаў, тлумачэнняў гэты тэрмін па заяве грамадзяніна можа быць адноўлены.
Нявыплата або няпоўная выплата збору на фінансаванне дзяржрасходаў вядзе да штрафу або адміністрацыйнага арышту — Бягун
«За нявыплату або няпоўную выплату збору дэкрэт нумар 3 прадугледжвае адміністрацыйную адказнасць у выглядзе штрафу ад дзвюх да чатырох базавых велічынь або адміністрацыйны арышт да 15 сутак. Пры гэтым асобы, у адносінах да якіх прыменены адміністрацыйны арышт, у абавязковым парадку (на працягу тэрміну яго адбыцця) будуць прыцягвацца да выканання грамадска карысных работ», — сказаў начальнік Дэпартамента па грамадзянстве і міграцыі Міністэрства ўнутраных спраў Беларусі Аляксей Бягун.
Ён растлумачыў, што гэта работа без аплаты, для выканання якой не патрабуецца пэўных прафесійных ведаў і навыкаў, кваліфікацыі, што мае сацыяльна карысную значнасць для адміністрацыйна-тэрытарыяльнай адзінкі. Напрыклад, прыбіранне вуліц, могілак, іншых аб’ектаў сацыяльнага прызначэння, збор камянёў на палях і да т.п. Пералік аб’ектаў, на якіх будуць праводзіцца грамадска карысныя работы, і канкрэтныя віды такіх работ будуць вызначацца рашэннямі мясцовых выканаўчых і распарадчых органаў.
Парадак прыцягнення адміністрацыйна арыштаваных да выканання грамадска карысных работ у частцы, не ўрэгуляванай дэкрэтам і Працэсуальна-выканаўчым кодэксам Рэспублікі Беларусь аб адміністрацыйных правапарушэннях (напрыклад, максімальная штодзённая працягласць, забеспячэнне інструментамі), у бліжэйшы час будзе ўстаноўлены пастановай урада.
Тых, хто ўхіляецца ад работы ў час адміністрацыйнага арышту, могуць чакаць дысцыплінарныя спагнанні — МУС
Як растлумачыў Аляксей Бягун, цяпер арт.18.10 Працэсуальна-выканаўчага кодэкса Беларусі аб адміністрацыйных правапарушэннях прадугледжаны наступныя віды дысцыплінарных спагнанняў за невыкананне грамадзянамі ў час адміністрацыйнага арышту ўстаноўленых для іх абавязкаў: вымова, пазачарговае дзяжурства па прыбіранні памяшканняў, карцар або ўтрыманне ў адзіночнай камеры.
Пытанні, якія датычацца парадку прыцягнення адміністрацыйна арыштаваных да выканання грамадска карысных работ у частцы, не ўрэгуляванай дэкрэтам і Працэсуальна-выканаўчым кодэксам Беларусі аб адміністрацыйных правапарушэннях (напрыклад, максімальная штодзённая працягласць, забеспячэнне інструментамі), у бліжэйшы час будуць урэгуляваны пастановай Саўміна.
Неплацельшчыкі збору на фінансаванне дзяржрасходаў будуць уключацца ў спісы невыязных — МУС
Начальнік Дэпартамента па грамадзянстве і міграцыі Міністэрства ўнутраных спраў Беларусі Аляксей Бягун растлумачыў, што такі механізм прадугледжаны арт.7 закона «Аб парадку выезду з Рэспублікі Беларусь і ўезду ў Рэспубліку Беларусь грамадзян Рэспублікі Беларусь». «Вызначана, што права грамадзяніна Рэспублікі Беларусь на выезд з краіны можа быць часова абмежавана, калі ён не выконвае без уважлівых прычын маёмасныя, падатковыя або іншыя абавязацельствы перад Рэспублікай Беларусь», — сказаў Аляксей Бягун. Абмежаванні ў праве на выезд за мяжу гэтай катэгорыі асоб будуць ажыццяўляцца на падставе рашэнняў суда.
Амаль 10 тыс. іншаземцаў могуць стаць плацельшчыкамі збору на фінансаванне дзяржрасходаў — МУС
Аляксей Бягун адзначыў, што цяпер у рэспубліцы пражываюць больш як 165 тыс. замежных грамадзян і асоб без грамадзянства, якія маюць пасведчанне на права жыхарства. «Паводле папярэдняй ацэнкі МУС, амаль 10 тыс. іншаземцаў могуць стаць плацельшчыкамі збору на фінансаванне дзяржаўных расходаў», — праінфармаваў Аляксей Бягун.
Ён падкрэсліў, што МУС сумесна з Фондам сацыяльнай абароны насельніцтва з’яўляецца першаснай крыніцай персанальных даных грамадзян, якія будуць абавязаны кампенсаваць дзяржаўныя расходы. Механізм спагнання фінансавых сродкаў аналагічны ўстаноўленаму для грамадзян Беларусі, рэзюмаваў Аляксей Бягун.
МУС: адсутнасць рэгістрацыі не вызваляе ад выплаты збору на дзяржрасходы
Адказваючы на пытанне, ці будуць плаціць збор бамжы, начальнік Дэпартамента па грамадзянстве і міграцыі МУС Аляксей Бягун адзначыў, што няўнасць або адсутнасць рэгістрацыі па месцы жыхарства ў грамадзяніна Беларусі не вызваляе яго ад выканання абавязкаў, прадугледжаных заканадаўствам. Гэта датычыцца ў тым ліку палажэнняў дэкрэта нумар 3.