Асобам Вялікай Перамогі прысвячаецца

Новости

IMG_1467 (Medium)Падчас апошняга дня інфармавання насельніцтва ў цэнтры ўвагі інфармацыйных груп была тэма падрыхтоўкі прадпрыемстваў і арганізацый раёна да святкавання Вялікай Перамогі. І гэта зразумела, бо да 70-годдзя такой знамянальнай даты для ўсяго чалавецтва засталося 18 дзён.
У час зносін інфармацыйнай групы райвыканкама на чале з яго старшынёй Уладзімірам Дранеўскім з працоўным калектывам Браслаўрайгаза намеснік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Вольга Вялічка паведаміла, што зараз у раёне жывуць 37 ветэранаў вайны і 120 вязняў фашысцкіх канцлагераў.
За ўсімі ветэранамі замацаваны шэфскія арганізацыі, двойчы ў год праводзіцца абследаванне ўмоў іх жыцця і пры неабходнасці аказваецца дапамога. Інваліды і ветэраны вайны знаходзяцца пад патранажам медыцынскіх работнікаў.
Да 70-годдзя вызвалення Беларусі ад фашысцкіх захопнікаў 160 чалавек атрымалі матэрыяльную падтрымку на суму 690,5 млн руб., усім уручаны юбілейныя медалі.
Традыцыйна напярэдадні 8 сакавіка раённыя арганізацыі Фонду міру і Саюза жанчын віншуюць усіх жанчын-ветэранаў і ўручаюць ім падарункі, а сёлета ўпершыню была арганізавана і акцыя “Лепшыя жанчыны Браслаўшчыны”.
Ветэранам Івану Кожару і Паўлу Бульскаму прысвоена званне “Ганаровы грамадзянін Браслаўскага раёна”.
Вольга Вялічка агучыла шматлікія мерапрыемствы, якія падчас падрыхтоўкі да 70-годдзя Вялікай Перамогі арганізавалі і працягваюць рыхтаваць установы культуры, адукацыі, райкам БРСМ, савет ветэранаў, аб’яднанне музеяў, ЦБС, ФСК “Дрывяціч”. Актыўна ўдзельнічаюць у патрыятычных акцыях, асвячаюць месцы воінскіх пахаванняў, праводзяць малебны свяшчэннаслужыцелі.
Вольга Вялічка таксама паведаміла, што на 45-і воінскіх пахаваннях Айчыннай вайны пахаваны 9895 чалавек, у тым ліку 4562 невядомыя. Штогод праводзіцца добраўпарадкаванне свяшчэнных месц. І сёлета да 1 мая будзе закончаны рамонт помнікаў у Відзах, Казянах, Прудніках, Стайках, Лабэцкіх.
Пазнаёміла Вольга Вялічка працаўнікоў райгаза і са святочнай праграмай, якая пройдзе ў Браславе ў Дзень Перамогі. А завяршаючы выступленне, сказала: “Напярэдадні святочнай даты агульная наша асноўная задача – не забыць ні аднаго ветэрана ці вязня. І сапраўдны клопат пра ўдзельнікаў вайны – гэта найперш увага да іх бытавых праблем, стану здароўя і своечасовая дапамога, а таксама звычайная ўвага, добрае слова”.
Намеснік начальніка РАНС Генадзь Пілат акрэсліў сітуацыю з пажарамі на тэрыторыі раёна. Сёлета іх адбылося 8, на тры менш, чым за такі ж перыяд летась, але загінулі 2 чалавекі, а за адпаведны перыяд мінулага года такіх трагічных здарэнняў не было. Сумная статыстыка сведчыць, што прычынай гібелі людзей на пажарах на 80-90% з’яўляецца курэнне ў нецвярозым стане. Зараз рэгулярна працуюць аглядныя камісіі. Але ж паўсядзённа яны не ў стане зайсці ў кожны дом. Таму Генадзь Пілат звяртаўся з просьбай да ўсіх грамадзян не праходзіць міма сітуацый, якія могуць перарасці ў небяспеку для жыцця, здароўя ці маёмасці, а паведамляць у адпаведныя службы.
Падводзячы рысу размовы, старшыня райвыканкама Уладзімір Дранеўскі падкрэсліў тую адказнасць, якую павінен разумець кожны з нас у святой справе ўшанавання памяці загінулых воінаў і тых ветэранаў, якія, на шчасце, яшчэ знаходзяцца побач з намі.
Таксама Уладзімір Дранеўскі адзначыў плённасць працы работнікаў газавай гаспадаркі, у тым ліку і па добраўпарадкаванні тэрыторыі.

Казімір Пятушка.
Фота аўтара.