На пагранічным пасту

Государственная пограничная политика

Браніраванне на мяжы

Хутка час перасячэння беларускай мяжы можна будзе забраніраваць праз Інтэрнэт. Праект указа аб увядзенні сістэмы электроннай чаргі ў аўтадарожных пунктах пропуску праз дзяржмяжу перададзены на разгляд у Адміністрацыю Прэзідэнта.
Пра гэта падрабязна расказаў падчас нядаўняга візіту ў Віцебск і ўдзелу ў пасяджэнні абласной камісіі па рэалізацыі дзяржаўнай пагранічнай палітыкі старшыня Дзяржпагранкамітэта Беларусі Леанід Мальцаў.
Увядзенне электроннай сістэмы дапаможа мінімізаваць чэргі ў пунктах пропуску, зрабіць нашу краіну больш прывабнай для транзіту, а таксама паспрыяе падтрыманню парадку на прыгранічных тэрыторыях.
Такім чынам, можна будзе праз Інтэрнэт на сайце Дзяржпагранкамітэта забраніраваць час, калі больш зручна ўехаць у пункт пропуску. Такая паслуга ў якасці эксперыменту ўжо дзейнічае ў “Казловічах”, у хуткім часе яе апрабуюць у пункце пропуску “Брэст” (“Варшаўскі мост”). У перспектыве на Віцебшчыне сістэма электроннай чаргі будзе ўведзена ў “Грыгароўшчыне” і “Урбанах”.

Затрыманні па розных накірунках

Дзень 9 красавіка выдаўся неспакойным для беларускіх пагранічнікаў. На розных напрамках яны спынялі спробы нелегальна пераправіць у суседнія краіны кантрабандныя тавары. Так, полацкія вайскоўцы ў зялёных фуражках у раёне вёскі Баруны заўважылі аўтамабільныя сляды, што вялі да мяжы. Падчас правядзення аператыўных мерапрыемстваў у лесе былі знойдзены 8 каробак цыгарэт. Яны былі добра прыхаваныя і чакалі далейшай перапраўкі ў Латвію.
Тытунёвая прадукцыя канфіскавана, яна ацэньваецца. Таксама вядзецца пошук асоб, якія могуць мець дачыненне да супрацьпраўнай дзейнасці.
Праз некалькі дзён пагранічнікі сутыкнуліся з новай праблемай. На гэты раз актывізаваліся нелегалы. Усяго за дзень на розных напрамках мяжы нашай краіны былі спынены 8 спроб нелегальна трапіць у краіны Еўропы, адну з іх спынілі полацкія вайскоўцы ў зялёных фуражках.
Пагранічнікі падчас чарговага агляду мяжы заўважылі дзве дарожкі слядоў, якія вялі на латвійскую тэрыторыю. Тут жа пра гэта былі праінфарміраваны калегі з суседняй краіны. У выніку аператыўнага рэагавання і зладжанага ўзаемадзеяння ў кіламетры ад мяжы затрымалі 9 нелегалаў каўказскай і азіяцкай знешнасці. Усе яны тлумачылі свае намеры нелегальна трапіць у Латвію жаданнем уладкаваць жыццё у ЕС.
А ўжо праз дзень у раёне вёскі Баруны полацкія пагранічнікі спынілі незаконны маршрут яшчэ трох грамадзян Грузіі, якія таксама спрабавалі нелегальна трапіць у Латвію.
Усе парушальнікі затрыманы для далейшага высвятлення абставін.
І зноў кантрабанда. Адсутнасцю супрацоўнікаў мытні ў пункце спрошчанага пропуску “Плюсы” 12 красавіка вырашыў скарыстацца грамадзянін Латвіі. У парогах і задніх нішах яго іншамаркі пагранічнікі знайшлі кантрабандны тавар. Не дапамагло двайное “дно” ў аўтамабілі пераправіць у суседнюю краіну каля 500 пачак цыгарэт з беларускімі акцызамі.
Зараз высвятляюцца абставіны парушэння, аўтамабіль жа накіраваны для больш глыбокага агляду супрацоўнікам мытні.

Таццяна Пятушка.