Паглядзець — многае, пераняць — лепшае

Главное Новости

IMG_9287 (Medium)На мінулым тыдні Браслаўшчына гасцінна сустракала афіцыйную дэлегацыю Легіаноўскага павета Польшчы. Нягледзячы на тое, што ў рэгіёнах розная эканоміка, культура, традыцыі, а падзяляюць іх мяжа і тысячы кіламетраў, усё ж існуюць паміж імі нітачкі кроўных і сяброўскіх адносін, замацаваныя пагадненнем аб узаемным супрацоўніцтве.
Прадстаўнікі Легіаноўскага павета не раз бывалі ў нашым раёне: наладжвалі сувязі і абменьваліся вопытам у галіне эканомікі, культуры, турызму, адукацыі. Мастацкія калектывы краіны-суседкі, у тым ліку і гэтага рэгіёну, былі жаданымі гасцямі на фестывалі “Браслаўскія зарніцы”. Чарговы візіт палякаў у наш раён стаў яшчэ адным крокам да збліжэння і ўмацавання сувязей па розных накірунках.
Тры дні дэлегацыя Легіаноўскага павета, у складзе якой намеснік мэра горада Легіанова, кансультант па ўсходнім партнёрстве, старшыня таварыства браславян у Польшчы, інспектар прадстаўніцкага аддзела і грамадскіх сувязей, а таксама прадстаўнікі ўстаноў адукацыі павета, дасканала знаёмілася з установамі і арганізацыямі раёна, дзялілася сваімі думкамі і пераймала вопыт у браслаўчан.
Каб больш даведацца і бліжэй пазнаёміцца з культурай і гісторыяй браслаўскага краю, госці завіталі ў музей традыцыйнай культуры, здзейснілі экскурсію па горадзе. Завіталі яны і ў браслаўскі касцёл, дзе пра рэлігіёзнае жыццё браслаўчан пагутарылі з ксяндзом Станіславам. За тры дні візіту яны таксама наведалі дом палякаў, Відзаўскі ДПТК і СШ№1, дзе абмеркавалі пытанні арганізацыі вучэбна-выхаваўчага працэсу школьнікаў і навучэнцаў, сустрэліся і абмяняліся вопытам з настаўнікамі польскай мовы раёна.
А 16 красавіка ў райвыканкаме дэлегацыю Легіаноўскага павета сустракалі старшыні райвыканкама і Савета дэпутатаў Уладзімір Дранеўскі і Ніна Пучынская. На працягу гадзіны бакі вялі цікавую гутарку, падчас якой абмеркавалі асаблівасці сацыяльна-эканамічнага развіцця двух рэгіёнаў, дамовіліся развіваць культурныя, адукацыйныя, турысцкія і іншыя сувязі. І хоць часам госці гаварылі на роднай мове, было зразумела, што гутарка ідзе пра адносіны, якія звязваюць два рэгіёны, супрацоўніцтва, галоўная ўмова і вынік якіх — моцныя сяброўскія стасункі. Як зазначыў Уладзімір Дранеўскі, такія кантакты служаць умацаванню сувязей не толькі паміж нашымі гарадамі, але і краінамі. А калі на месцах супрацоўнічаюць улады, то і ў іншых накірунках будуць усталёўвацца кантакты.
Свае меркаванні выказалі і госці з Польшчы.
— Многія прадстаўнікі нашай дэлегацыі не першы раз у Беларусі, у тым ліку і на Браслаўшчыне. Асабіста я тут знаходжуся ў 6-ы раз, — зазначыў кансультант па ўсходнім супрацоўніцтве Анджэй Шчадроўскі. — І з кожным візітам на Браслаўшчыну адкрываю яе для сябе па-новаму, заўважаю, што яна ўсё больш прыгажэе. Шмат расказваў пра ваш рэгіён сваім сябрам, знаёмым, кіраўніцтву павета. Ім вельмі хацелася ўсё гэта ўбачыць сваімі вачыма. І вось такое жаданне рэалізавалася.
— Мае калегі засталіся ў захапленні ад горада, уразіла прыветлівасць браслаўчан, — уключыўся ў размову старшыня таварыства браславян у Польшчы Уладзіслаў Краўчук. — Што датычыцца дзелавога супрацоўніцтва, то тут таксама намячаюцца пэўныя перспектывы. Мы даведаліся, што каля 200 дзяцей у раёне вывучаюць польскую мову. Пастараемся падтрымаць настаўнікаў метадычна, будзем іх кансультаваць па розных пытаннях. Наведаўшы ўстановы адукацыі, мы адзначылі для сябе той высокі ўзровень ведаў, які атрымліваюць школьнікі і навучэнцы, абмяняліся інфармацыяй і кантактнымі тэлефонамі з кіраўніцтвам. Яшчэ ёсць еўрапраекты, якія дазваляюць наладжваць трохбаковае супрацоўніцтва. Магчыма, у хуткім часе да Польшчы і Латвіі далучыцца яшчэ і Беларусь. Увогуле ж такія візіты — добрая практыка для пераймання станоўчага вопыту, а таксама штуршок для аналізу ўласнай дзейнасці. Абмен думкамі, абмеркаванне праблем, характэрных для рэгіёнаў, даюць магчымасць узяць нешта на заметку і прымяніць у сябе.
Сустрэча не прайшла дарэмна. Госці з Польшчы ўважліва знаёміліся з інвестыцыйнымі прапановамі, запрашэннямі да супрацоўніцтва ў розных сферах, сучаснасцю і заўтрашнім днём Браслаўшчыны, а таксама гутарылі з нашымі ўладамі ў нефармальнай абстаноўцы.
Акрамя абмеркавання шэрагу пытанняў і дамоўленасці працягваць сяброўскія адносіны надалей, бакі вырашылі, што ў хуткім часе падпішуць некаторыя пагадненні ў розных накірунках. А яшчэ палякі абавязкова чакаюць дэлегацыю нашага раёна з візітам у адказ. Пакуль яны паабяцалі, што адзін з творчых калектываў Легіаноўскага павета сёлета абавязкова прыме ўдзел у святкаванні “Браслаўскіх зарніц”. Гэта яшчэ адзін крок да супрацоўніцтва і пашырэння ўзаемных кантактаў.

Таццяна Пятушка.
Фота аўтара.