Дзень чысціні і парадку

Новости

IMG_7345 (Medium)Мінулая субота для большасці беларусаў не была выходным днём: уся краіна шчыравала на рэспубліканскім суботніку. Адны правялі гэты дзень на сваіх звыклых працоўных месцах, іншыя добраўпарадкоўвалі і прыводзілі ў належны стан тэрыторыю населеных пунктаў. Прычым у сувязі са святкаваннем 70-годдзя Вялікай Перамогі значная ўвага надавалася навядзенню парадку менавіта на мемарыяльных комплексах, помніках, месцах баявой славы і пахаваннях часоў Вялікай Айчыннай вайны.
Браслаўчане таксама актыўна ўключыліся ў агульную справу і правялі той суботні дзень з карысцю для свайго рэгіёна. Сапраўды, працуючых людзей можна было сустрэць літаральна паўсюдна. Вось, камунальнікі абразаюць старыя таполі ў цэнтры горада. Побач работнікі аддзела адукацыі, спорту і турызму добраўпарадкоўваюць газон. На суседняй вуліцы дарожнікі наносяць разметку, а міліцыянеры падсыпаюць грунт на схіле, які з нядаўняга часу ўпрыгожвае надпіс “Браслаў”. Педагогі і іх вучні, дзяржслужачыя, супрацоўнікі сілавых ведамстваў, прамысловых прадпрыемстваў і дзяржаўных устаноў — усе былі, што называецца, на віду. Складвалася ўражанне, што горад (а як высветлілася пазней і раён) напружана і карпатліва рыхтуецца да нейкай важнай падзеі. І сапраўды, бягучы год багаты на даты і мерапрыемствы, дзеля якіх варта быць “у форме”: юбілей Перамогі, 950-годдзе горада, хуткія “Браслаўскія зарніцы” — вось толькі самыя яскравыя іх прыклады. І выкарыстаць кожную магчымасць, каб зрабіць Браслаў чысцей і прыгажэй, — не проста пажаданне, а ў нейкім сэнсе і наш абавязак. І браслаўчане гэта разумеюць: мятуць, фарбуюць, выносяць…
Найбольш актыўную дзейнасць па навядзенні парадку давялося назіраць у раённым Доме культуры і на Замкавай гары. У першым працавалі супрацоўнікі аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама, школы мастацтваў, ЦБС, штатныя работнікі РДК і іншыя. Плячо ў плячо з будаўнікамі яны набліжалі момант адкрыцця ўстановы для наведвальнікаў пасля капітальнага рамонту і мадэрнізацыі. На другой жа таксама талакой наводзілі парадак супрацоўнікі тэрытарыяльнага цэнтра, РАНС, гімназіі, а таксама школьнікі.
На сяле работа таксама кіпела. Пад эгідай сельвыканкамаў добраўпарадкоўваліся нашы вёскі і аграгарадкі. Прычым вялікія намаганні былі накіраваны на знос лядашчых і пустуючых пабудоў. Працаўнікі аграрных прадпрыемстваў рыхтаваліся да пасяўной кампаніі, працягвалі наводзіць парадак на фермах.
Добраўпарадкаваннем помнікаў і воінскіх пахаванняў займаліся ў асноўным пагранічнікі. Падчас суботніка яны ачысцілі і паднавілі некалькі мемарыялаў у розных кропках нашага раёна.
У выніку і без таго прыгожая Браслаўшчына стала яшчэ больш прывабнай, чыстай і дагледжанай. Пасвятлелі нашы вуліцы, пазелянелі палеткі, прыўзняўся настрой людзей. Дарэчы, за гэты дзень па папярэдніх мы зарабілі 170 мільёнаў рублёў. Гэтая сума будзе накіравана ў аблвыканкам і пазней размяркуецца на фінансаванне мерапрыемстваў, звязаных са святкаваннем 70-ай гадавіны Вялікай Перамогі, а таксама падрыхтоўку дзіцячых аздараўленчых лагераў да летняга сезона.

Вячаслаў Каладынскі.
Фота аўтара.