Не забываюць удзячныя нашчадкі вялікі подзвіг сваіх прадзедаў і дзядоў, якія коштам свайго жыцця здабылі для нас мірнае шчаслівае неба над галавой і спынілі нашэсце “карычневай чумы”. Значнай увагай, клопатам і падтрымкай ахінула сваіх абаронцаў наша дзяржава. Стала добрай традыцыяй праводзіць разнастайныя дабрачынныя акцыі, у якіх прымаюць удзел усе арганізацыі і прадпрыемствы краіны.
Напярэдадні Дня Перамогі РУП “Белтэлекам” таксама і ўжо не першы год далучаецца да гэтага руху. Прыняў у ім ўдзел і Браслаўскі вузел электрасувязі. На працягу некалькі тыдняў супрацоўнікі РВЭС усім жадаючым ветэранам і ўдзельнікам Вялікай Айчыннай вайны ўстаноўвалі і падключалі інтэрактыўнае тэлебачанне “ZALA” і ўручалі эфірны радыёпрыёмнік.
Несумненна, улічваючы той факт, што многія ветэраны па стане свайго здароўя ўжо не могуць выходзіць з дому, гэта для іх добрая магчымасць не быць ізаляванымі ад знешняга свету, заўсёды знаходзіцца ў курсе цікавых падзей ці проста праглядзець свой любімы фільм. Таксама ў межах акцыі прадастаўляецца сэрвісная тэлефонная картка наміналам 16 000 тарыфных адзінак, з дапамогай якой уладальнікі маюць магчымасць бясплатна размаўляць з роднымі і блізкімі па краіне і за яе межамі.
А на мінулым тыдні падключыць шматлікія каналы і ўручыць тэлефонную картку ветэрану Вялікай Айчыннай вайны Яўгену Наваміру завіталі начальнік і спецыяліст па маркетынгу РВЭС Дзмітрый Ціваловіч і Ігар Сапель (на здымку).
Алена Пятушка.
Фота аўтара.