У далёкім 1918 годзе 18 красавіка старшыня Саўнаркама маладой савецкай рэспублікі Уладзімір Ленін падпісаў дэкрэт аб стварэнні дзяржаўнай пажарнай службы. Пазней гэтая дата набыла афіцыйны статус і пачала адзначацца як Дзень пажарнай аховы.
Цяпер, калі ў незалежнай Беларусі пажарная служба перападпарадкавана Міністэрству па надзвычайных сітуацыях, свята перанесена на іншы дзень. Але ж для тых, хто свае маладыя гады прысвяціў рызыкоўнай справе барацьбы з агнём, гэтай даты не выкрасліць з памяці, і яны па-ранейшаму лічаць гэты дзень сваім прафесіянальным святам.
Менавіта таму ў мінулы чацвер па ініцыятыве старшыні нядаўна створанай грамадскай арганізацыі ветэранаў пажарнай службы Вячаслава Вашыткевіча ў райаддзел МНС і былі запрошаны людзі, якія шмат гадоў служылі ў пажарнай ахове.
Са святам прысутных павітаў Вячаслаў Вашыткевіч і цяперашні начальнік РАМНС Сяргей Сачыўка. Затым калектыў ветэранаў наведаў гарадскія могілкі, дзе пахаваны іх былыя калегі, памяць якіх ушанавалі мінутай маўчання і ўсклалі да магільных помнікаў кветкі.