На мінулым тыдні Браслаўшчыну наведала калона аўтапрабегу, прысвечанага 70-годдзю Вялікай Перамогі пад лозунгам: “Ніхто не забыты, нішто не забыта”. Ініцыятарам акцыі выступіла абласная арганізацыя “Беларускі саюз ветэранаў вайны ў Афганістане” пад старшынствам Валерыяна Мацкевіча.
Аўтакалона стартавала ў Віцебску 24 красавіка. У аўтапрабегу прынялі ўдзел прадстаўнікі арганізацыі-ініцыятара, грамадскіх аб’яднанняў “Славянскі камітэт” і “Беларускі саюз афіцэраў”, абласной арганізацыі “Беларускае казацтва”, маладзёжнага клуба “Пошук”.
З хлебам-соллю браслаўская дэлегацыя на чале з намеснікам старшыні райвыканкама Інай Лысенка сустрэла ўдзельнікаў аўтапрабегу на мяжы з Шаркаўшчынскім раёнам. А заўзятае выступленне народнага ансамбля беларускай песні “Сябрына” Ахрэмавецкага цэнтра нацыянальнай культуры дадало сустрэчы сяброўскія ноткі.
Трэба адзначыць, што праграма мерапрыемстваў, падрыхтаваная браслаўчанамі, была цікавай і насычанай.
Спачатку калона спынілася ў Ахрэмаўцах. Пад бравыя гукі марша ў выкананні духавога аркестра мясцовай школы ўдзельнікі аўтапрабегу і браслаўская дэлегацыя накіраваліся да помніка загінулым воінам. Тут падчас мітынгу, на якім выступілі старшыня Ахрэмавецкага сельвыканкама Дзіяна Тарун, старшыня РГА “Беларускі саюз ветэранаў вайны ў Афганістане” Леанід Мікшта, намеснік старшыні абласнога савета “Беларускі саюз афіцэраў” Сяргей Дзянісаў, ушанавалі памяць абаронцаў роднай зямлі мінутай маўчання і ўсклалі да помніка кветкі.
Далей аўтакалона накіравалася ў Браслаў. Ля брацкай магілы ў гарадскім парку артысты РДК спачатку паказалі музычна-літаратурную кампазіцыю на ваенную тэматыку, затым адбыўся ўрачысты мітынг. Намеснік старшыні райвыканкама Іна Лысенка нагадала, якой вялікай цаной дасталася перамога беларускаму народу, выказала ўдзячнасць арганізатарам і ўдзельнікам аўтапрабегу за іх ініцыятыву, а таксама адзначыла, што такая акцыя аб’ядноўвае ўсіх нас і выхоўвае ў моладзі патрыятызм, любоў да Радзімы. А галоўнае — дае магчымасць у чарговы раз схіліць галовы перад тымі, хто перамог фашызм і адстаяў свабоду нашай краіны.
Пра ратны подзвіг абаронцаў Айчыны ў гады Вялікай Айчыннай вайны, пра неабходнасць памятаць яго гаварылі на мітынгу старшыня абласной арганізацыі “Беларускі саюз ветэранаў вайны ў Афганістане” Валерыян Мацкевіч і ваенны камісар раёна маёр Віталь Грамніцкі.
Пад гукі метранома ўдзельнікі ўрачыстага мерапрыемства ўшанавалі памяць загінулых мінутай маўчання, пасля чаго ўсклалі да помніка вянкі і кветкі.
Прыўзняты настрой вітаў у паветры і каля помніка воінам-інтэрнацыяналістам ў гарадскім скверы — наступным прыпынку аўтакалоны, дзе сабраліся настаўнікі і вучні СШ № 1, ветэраны Вялікай Айчыннай вайны, “афганцы” і браслаўчане.
З наказам да школьнікаў звярнуўся старшыня Віцебскай гарадской арганізацыі “Брацтва” Валерый Ананчанка.
Пранікнёнай была прамова ветэрана Вялікай Айчыннай вайны, ганаровага грамадзяніна Браслава Івана Кожара. Былы настаўнік гэтай школы наказаў маладому пакаленню памятаць і адстойваць гістарычную праўду пра вайну з фашызмам.
Самыя актыўныя вучні школы ў гэты дзень былі прыняты ў рады БРСМ і піянераў. Школьнікі ўрачыста паўтаралі за старшынёй раённага савета ветэранаў Іванам Цялежнікавым словы піянерскай клятвы. Пасля чаго ветэраны Вялікай Айчыннай вайны і ўдзельнікі аўтапрабегу павязалі ім піянерскія гальштукі.
Білеты члена БРСМ юнакам уручылі старшыня РГА “Беларускі саюз ветэранаў вайны ў Афганістане” Леанід Мікшта і першы сакратар РК БРСМ Марыя Сяліцкая.
Пасля фотасесіі мерапрыемства прадоўжылася ў сценах школы, дзе ўдзельнікі аўтапрабегу наведалі музей, прысвечаны воінам-афганцам. Затым зноў рушылі ў дарогу і накіраваліся ў Міёрскі раён.
Алена Пятушка.
Фота аўтара.