Урачыстае пастраенне, жараб’ёўка, і вось на старт выходзяць юныя інспектары дарожнага руху. Кожную вясну яны збіраюцца, каб пазмагацца на конкурсе ЮІД за званне самай лепшай каманды, а разам з тым атрымаць пуцёўку на рэгіянальны, а магчыма, нават і абласны этапы. На мінулым тыдні прадстаўнікі 7 каманд устаноў адукацыі з’ехаліся з усіх куткоў раёна на 42-і злёт-конкурс, які па традыцыі рыхтаваўся пад кіраўніцтвам супрацоўнікаў аддзялення ДАІ РАУС, а арганізатарам выступіў цэнтр дзяцей і моладзі.
Каманды цэлы год трэніруюцца, каб потым паспаборнічаць у веданні правілаў дарожнага руху, хуткасці, спрытнасці, кемлівасці і нават творчасці. І на гэты раз у кожнага была выдатная магчымасць праявіць сябе.
Сёлета арганізатары вырашылі адысці ад традыцыйнага фармату конкурсу. Калі раней “Агітацыйна-мастацкае прадстаўленне” ўдзельнікі паказвалі журы на сцэне, то сёлета дастаткова было загадзя падаць сцэнарый выступлення. Яшчэ адно дамашняе заданне — выпуск тэматычнай сценгазеты. Гэта дало магчымасць больш якасна падрыхтавацца да самых складаных і адказных этапаў.
Так, у конкурсе “Тэарэтычны экзамен на веданне ПДР” хлопцы і дзяўчаты рашалі няпростыя дарожныя задачкі на камп’ютарах. Правільныя адказы дадавалі балы сваёй камандзе. Усё было сур’ёзна і па-даросламу. Таму, калі не атрымлівалася правільна і хутка адказаць на 10 пытанняў, дзеці засмучаліся. Аднак тут жа ўспаміналі, што наперадзе новыя выпрабаванні і там можна даказаць, што ты самы лепшы.
Пакуль адны змагаліся ў веданні ПДР, другія хутка і спрытна ўціхамірвалі сваіх “жалезных коней” на паласе перашкод, а калі нешта не атрымлівалася, зноў упэўнена націскалі на педалі.
На працягу некалькіх гадзін юныя інспектары дарожнага руху актыўна спаборнічалі за права падняцца на першую прыступку п’едэстала гонару, праходзячы фізічныя і інтэлектуальныя іспыты. Прадстаўнікі ўсіх каманд уразілі журы шчырым стараннем і жаданнем перамагчы. Вучні выступілі дастойна, даказалі, што добра ведаюць правілы дарожнага руху і ўмеюць іх прымяняць на практыцы. Але ж званне лепшай павінна было дастацца адной камандзе. Яго заваявалі юныя інспектары дарожнага руху Ахрэмаўскага ДССШ. Яны і прадставяць наш раён на рэгіянальным этапе, які пройдзе 4 мая. Другое месца ў каманды Відзаўскай школы, трэцімі сталі гімназісты. Лепшая сценгазета атрымалася ў Відзаўскай школы, а сцэнарый агітбрыгады найлепш напісалі ахрэмаўскія школьнікі.
Увогуле ж на кожным этапе ацэньваліся як каманды, так і асобныя ўдзельнікі. Лепшыя тэарэтычныя веды ПДР паказалі Дар’я Кавецкая, Кірыл Дегцяронак. Па фігурным ваджэнні веласіпеда наймацнейшымі былі Ігар Кароль, Аліна Селях. А вось Уладзіслаў Александровіч і Дар’я Пятроўская і правілы дарожнага руху ведаюць лепш за ўсіх, і з веласіпедам справіліся на выдатна.
Ніхто не застаўся ў пройгрышы. Пераможцы атрымалі падарункі і дыпломы з рук начальніка РАУС Вячаслава Грышчанкі. А ўвогуле ўсе дзеці засвоілі веды, якія ім спатрэбяцца на дарозе.
— Дадзенае мерапрыемства праходзіць кожны год і накіравана на прафілактыку дзіцячага дарожна-транспартнага траўматызму, выхаванне законапаслухмяных удзельнікаў дарожнага руху, прапаганду здаровага ладу жыцця, прыцягненне дзяцей і падлеткаў да дзейнасці атрадаў юных інспектараў дарожнага руху, — зазначыў начальнік РАУС Вячаслаў Грышчанка. — Будзем спадзявацца, наша каманда годна выступіць на рэгіянальным узроўні і парадуе добрым вынікам.
Таццяна Пятушка.
Фота аўтара.