Адпачынак з літоўскім акцэнтам

Главное

67300x225Летнія канікулы — вясёлыя дзянькі, час адпачынку і добрага настрою. Кожны школьнік марыць правесці лета як мага больш цікава, насычана і запамінальна. Адны адпачываюць у школьных лагерах, другія разам з класам адпраўляюцца ў паходы. Асабліва запомняцца гэтыя канікулы для чатырох падлеткаў з Усянаў і Опсы. Нядаўна яны вярнуліся з адпачынку ў міжнародным лагеры “Літва была, ёсць і будзе”, які знаходзіўся ў самым сэрцы краіны — горадзе Вільнюсе.
Сярод чатырох шчасліўчыкаў была і вучаніца Опсаўскай школы Алеся Мацук. Яна з задавальненнем расказала пра сваю вандроўку і падзялілася ўражаннямі.
Увогуле ж дзяўчына два гады вывучае літоўскую мову, знаёміцца з культурай і традыцыямі суседняй краіны ў гуртку, які дзейнічае пры школе. У ім па нядзелях збіраюцца каля 10 мясцовых дзяцей. У мінулым годзе Алеся таксама адпачывала ў літоўскім лагеры, які быў арганізаваны ў стылі 13 стагоддзя, а яго ўдзельнікі на тыдзень ператварыліся ў прадстаўнікоў таго часу.
— Сёлета для паездкі ў Літву выбіралі самых лепшых вучняў. Яны павінны былі добра вучыцца, ведаць мову і ўмець свабодна размаўляць па-літоўску, — расказвае Алеся. — З нашага гуртка ў спіс трапілі я і вучаніца гімназіі Ліза Васюковіч, пазней мы даведаліся, што да нас далучацца двое школьнікаў з Усянаў.
Да г. Ігналіна дзеці разам з суправаджальнікам дабіраліся на машыне, а да Вільнюса па чыгунцы. Лагер прыняў гасцей ветліва. Усяго з Расіі, Украіны, Беларусі і Амерыкі сюды прыехалі 42 хлопчыкі і дзяўчынкі. Гэта тыя, у каго ёсць літоўскія карані, хто пераехаў пэўны час таму назад у іншую краіну ці проста вывучае мову і культуру літоўскага народа.
— У першы ж дзень мы перазнаёміліся адзін з другім, расказалі пра свае краіны, мясцовасці, у якіх жывём, пра вучобу і вольны час. Да вечара ўжо ведалі, як усіх завуць, хто адкуль прыехаў. Дарэчы, з Беларусі былі толькі мы ўчатырох і падлеткі з горада Ліда.
Дзесяць дзён школьнікі жылі насычаным жыццём, нават вольнай хвілінкі не было. Шмат часу было аддадзена на экскурсіі па Вільнюсе. Так, удзельнікі лагера наведалі галоўную каталіцкую святыню горада, іншыя храмы, пабывалі ў нацыянальным музеі Літвы. Падчас адной з вандровак па горадзе яны сустрэлі знакамітага гісторыка моды Аляксандра Васільева, пазнаёміліся з ім, пагутарылі і нават зрабілі некалькі фотаздымкаў на памяць. А вечарам наведалі музей, у якім ён прадстаўляў сваю выстаўку адзення.
Асабліва запамінальнай стала для беларускіх дзяцей экскурсія ў музей у Румшышкесе. Гэта этнаграфічны парк тэрыторыяй больш за 170 га, задуманы як стары літоўскі ўезд пазамінулага стагоддзя, у якім можна адчуць літоўскі дух і атрымаць асалоду ад прыгажосці мясцовай прыроды.
Таксама непаўторным аказаўся адпачынак у экстрэмальна-забаўляльным парку “Уна”, дзе дзеці з задавальненнем праходзілі трасу, пракладзеную па дрэвах з больш чым 100 заданнямі-выпрабаваннямі. Не менш уражанняў пакінуў і Парк Еўропы — сучасны мастацкі музей пад адкрытым небам.
— Акрамя гэтага, шмат цікавых мерапрыемстваў адбылося і ў самім лагеры. Гэта розныя конкурсы, заданні, мерапрыемствы і іншае, — успамінае Алеся. — Мы засталіся ў захапленні ад усяго ўбачанага, спадабаўся нам горад, больш даведаліся пра культуру і традыцыі Літвы, пачаставаліся іх нацыянальнымі стравамі, і, безумоўна знайшлі новых сяброў.

Таццяна Пятушка.