Чым заняцца? Адпачы ў лагеры!

Новости


75600x225На летніх канікулах вольнага часу больш чым дастаткова, але менавіта гэта акалічнасць часта становіцца прычынай нуды і суму. Чым заняцца? Гэта пытанне гучыць для сучасных падлеткаў асабліва часта, бо разам з развіццём камп’ютарных тэхналогій маладыя людзі “развучыліся” гуляць у мяч, хованкі, даганялкі ці Алі-бабу. А вось некаторых вучняў СШ №2 гэтае пытанне ўжо не хвалюе. Яны кожны год праводзяць цікавыя канікулы ў турыстычна-краязнаўчы лагеры. Пра ўражанні, якія засталіся ў душы яго наведвальнікаў, распытала карэспандэнт Вольга Патаповіч.

— Лета заўсёды асацыіруецца ў мяне з падарожжамі, паходамі, новымі знаёмствамі, вясёлым баўленнем часу, — расказвае Ірына Лакевіч, вучаніца 8 класа СШ №2. — Штогод на базе былой Опліскай школы нашы педагогі ладзяць турыстычна-краязнаўчы лагер, куды я і мае сябры заўсёды імкнёмся трапіць. Час, праведзены ў лагеры, адбіваецца ў нашай памяці, думаю, назаўсёды, бо там перажываем самыя сапраўдныя пачуцці сяброўства, узаемавыручкі, узаемадапамогі і нават першага кахання. Вечарамі, — працягвае Ірына, — седзячы ля вогнішча, размаўляем, расказваем цікавыя гісторыі, спяваем. Кожны дзень у лагеры нясе незабыўныя ўражанні, вучыць новаму. Хочацца, каб гэтыя бесклапотныя дні не канчаліся.

Вучань 9 класа Васіль Ерамянок таксама падзяліўся сваімі думкамі наконт праведзенага часу ў лагеры:
— Я ўжо чацвёрты год запар праводзіў частку летніх канікулаў у гэтым лагеры. Мне падабаецца атмасфера, якая пануе тут. Час ляціць хутка, бо мы пастаянна занятыя цікавымі справамі. Ведаеце, — гаворыць Васіль узрушаным голасам, — тут нам было нават без інтэрнэту цікава. І пра свае гаджэты ўспаміналі, толькі калі тэлефанавалі бацькам. Настаўнік фізкультуры Войцех Гедройц вучыў нас выжываць у экстрэмальных умовах, правільна паводзіць сябе ў нестандартных сітуацыях, заўсёды памятаць пра бліжняга, прыходзіць на дапамогу. Разнастайныя спартыўныя мерапрыемствы надавалі к вечару прыемнай стомленасці нашаму целу і стойкасці — духу. Запомнілася таксама і экскурсія на Друйскі пагранпост, дзе даведаліся пра армейскія будні пагранічнікаў, убачылі некаторыя моманты дрэсіроўкі службовых сабак.

Начальнікам турыстычна-краязнаўчага лагера ў чацвёрты раз была настаўніца школы Марыя Вяршыніна. Яна, расказваючы пра лагерную змену, была ўзрушана не менш, чым дзеці.

— Я рада, што падлеткам падабаецца быць у адзінстве з прыродай, — дзеліцца настаўніца, — што іх многае цікавіць, яны імкнуцца карысна і весела праводзіць вольны час. Лічу, што неабходна ладзіць падобныя лагеры, паходы, дзе настаўнік і вучань апынаюцца ў нефармальнай абстаноўцы і могуць больш свабодна размаўляць на агульныя тэмы, разам варыць абед, ганяць мяч, займацца іншымі справамі.лагерь Оплиса