Пакупнік там, дзе ёсць выбар

Главное

76970x200Па небагатым, мякка кажучы, асартыменце магазінаў нашага райпа не цяжка здагадацца, што ў кааператараў зараз не зусім лепшыя часы. І не так даўно рэканструяваны магазін “Родны кут” па вул. Садовай прыбытку не прыносіў. Наконт гэтага можна чуць некалькі версій — неразваротлівасць браслаўскіх кааператараў, магутная канкурэнцыя ці адно і другое разам. Як бы там ні было, аднак вялікі магазін стаў для іх цяжарам. Таму ў аблспажывецкааперацыі было прынята рашэнне перадаць будынак Пастаўскаму райпа.
І вось на мінулым тыдні адбылося ўрачыстае адкрыццё магазіна. Як і падабае, падчас такога мерапрыемства гучала музыка, рознакаляровыя шары ўпрыгожвалі памяшканне, загадзя пачалі збірацца людзі.
Дарэчы, пачакаць пачатку ўрачыстасці можна было ў летнім кафэ перад магазінам, якое таксама належыць Пастаўскаму райпа.
Паколькі такая падзея ў спажывецкай кааперацыі вобласці адметная, то ў гэты дзень прыехала шмат высокапастаўленых асоб.
Сімвалічную чырвоную стужку перарэзалі намеснік старшыні аблвыканкама Алег Мацкевіч і старшыня Пастаўскага райпа Грыгорый Леўкавец.
Затым госці і пакупнікі мелі магчымасць ацаніць намаганні пастаўскіх кааператараў. І трэба сказаць, што асартымент магазіна і цэны прыемна здзівілі.
Па-першае, на вітрынах багаты выбар мясных і каўбасных вырабаў уласнай вытворчасці. Толькі на дэгустацыйным стале было прадстаўлена іх каля 25 найменняў. Да таго ж і па смакавых якасцях прадукцыя Пастаўскага мясакамбіната заслугоўвае высокай адзнакі.
Уражвае і шырокі асартымент хлебабулачных і кандытарскіх вырабаў. Тут жа ў мазіне працуе міні-пякарня, дзе выпякаюць да 20 назваў духмяных булачак.
Кідаецца ў вочы таксама разнастайны асартымент паўфабрыкатаў і салатаў.
Як адзначыў старшыня Пастаўскага райпа Г. Леўкавец, суседскія кааператары прыйшлі на браслаўскі рынак назаўсёды і намераны далей расшырацца.
Што ж, хочацца пажадаць нашым суседзям поспехаў у канкурэнцыі з Еўраоптам. А наколькі ў іх гэта атрымаецца пакажа час. Сёння ж можна з упэўненасцю сказаць, што пакупнік вярнуўся ў “Родны кут”, бо для спажыўца галоўнае — права выбару, а выбіраць тут сапраўды ёсць што.

Алена Пятушка.
Фота аўтара.