Пляжны тэніс ідзе ў Браслаў

Главное

0987600x200Міжнародны турнір па пляжным тэнісе прайшоў у Браславе ў мінулую суботу. Для ўдзелу ў ім на пясчаныя корты гасцінічнага комплексу “Braslav Lakes Hotel” з’ехаліся прафесіянальныя спартсмены з Беларусі, Літвы, Латвіі і Расіі, у тым ліку чэмпіён нашай краіны па тэнісе сярод мужчын 2015 года Яраслаў Шыла.
Як адзначыў старшыня Беларускай федэрацыі пляжнага тэнісу (БФПТ) Ігар Лахвіч, гэтыя спаборніцтвы з’яўляюцца часткай вялікага сусветнага тура, які штогод ладзіцца пад эгідай ITF (міжнароднай федэрацыі тэніса). Браслаў абраны месцам правядзення турніру невыпадкова: па словах арганізатараў, тутэйшыя ўмовы цалкам адпавядаюць неабходным патрабаванням. “Так, пляжны тэніс асацыіруецца з морам. Аднак на марскім узбярэжжы амаль заўсёды ветрана. У вас жа умовы ідэальныя: клімат, пясок, прыгожае наваколле. Федэрацыя ўсур’ёз зацікавілася браслаўскай пляцоўкай — да канца сезона мы правядзём тут яшчэ некалькі турніраў. А ў наступным годзе плануем правесці ў вас больш за 10 такіх міжнародных спаборніцтваў. Разглядаецца нават пытанне наконт стварэння ў Браславе базы для нацыянальнай зборнай,” — кажа І. Лахвіч.
Са старшынёй БФПТ салідарны і Міхаіл Валковіч — літоўскі тэнесіст, які цяпер займае 100-е месца ў сусветным рэйтынгу ITF. “Цудоўнае месца, цудоўныя людзі,” — кажа ён. — “Тут можна гуляць у пляжны тэніс такі, які ён ёсць.”
Што тычыцца непасрэдна спаборніцтваў, то ў іх парным разрадзе ўдзельнічалі 8 мужчынскіх каманд, 6 жаночых а таксама змешаныя тандэмы, ці так званыя міксты. Прыемна адзначыць, што і сярод мужчын, і сярод змешаных каманд пераможцамі турніру сталі беларусы. У жаночым жа парным разрадзе не было роўных расіянкам.
Кожны са спартсменаў-удзельнікаў турніру атрымаў балы ў адпаведнасці з занятым месцам, якія паўплываюць на яго бягучы рэйтынг у сусветнай табліцы. Нам жа застаецца спадзявацца, што Браслаў з яго азёрамі і пяском стане годнай пляцоўкай для развіцця беларускага пляжнага тэнісу.

Вячаслаў Каладынскі.
Фота аўтара.