Пад такой назвай Беларускае таварыства Чырвонага Крыжа праводзіць дабрачынную акцыю. У асабліва спякотныя дні, калі так хочацца піць, валанцёры раённай арганізацыі ЧК раздаюць ваду браслаўчанам і гасцям нашага горада. А 12 жніўня разам з выконваючым абавязкі старшыні РА БТЧК Генадзем Швяцом і актывістамі ў дабрачынны паход адправілася і карэспандэнт газеты Вольга Патаповіч.
У гэты дзень на Браслаўшчыне панавала экстрэмальная спякота, таму валанцёры вырашылі ў першую чаргу дапамагчы прагнаць смагу людзям, якія фізічна працуюць і доўгі час знаходзяцца пад уздзеяннем сонечных праменяў. Так, яны напаілі касцоў, што абкошвалі дарогу ў напрамку на Урбаны. Потым трапілі на стаянку, дзе адпачывалі вадзіцелі вялікагрузных аўтамабіляў. Дальнабойшчыкі былі вельмі рады такому сюрпрызу і ад душы дзякавалі маладым людзям за папаўненне пітных запасаў.
Далей наш аўтамабіль рушыў у бок аўтазапраўкі “Слаўнафта”, дзе таксама актывісты прапанавалі вадзіцелям запасціся вадой. На выездзе з горада, ля інфармацыйнага цэнтра ДП НП “Браслаўскія азёры”, стаялі некалькі аўтамабіляў з мінскімі нумарамі, а побач працавалі супрацоўнікі транспартнай інспекцыі. Усім гэтым людзям узняла настрой група валанцёраў, якія пачаставалі кожнага прахалоднай вадой.
Таксама ў гэты дзень “Глыток жывой вады” дастаўся камбайнерам, вадзіцелям ААТ “Альшанка” і “Браслаўскі райаграсэрвіс”.
Больш за 100 бутэлек пітной вады толькі ў той спякотны дзень раздалі актывісты раённай арганізацыі Чырвонага Крыжа. А Генадзь Швец адзначыў: “Калі будзе трымацца спякота і далей, то мы працягнем пачэсную місію і пастараемся даставіць “Глыток жывой вады” тым, хто асабліва мае ў гэтым патрэбу’’.