Атрымали першы пашпарт

Новости

IMG_0619У шэрагу дзяржаўных свят ёсць асаблівая дата. Так, 15 сакавіка адзначаецца Дзень Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь — галоўнага дакумента, па якім жыве наша краіна. І ўжо стала добрай традыцыяй напярэдадні свята праводзіць розныя мерапрыемствы. Галоўнае з іх — урачыстае ўручэнне пашпартоў юнакам і дзяўчатам, якія дасягнулі 14-гадовага ўзросту. Яно штогод ладзіцца ва ўсіх рэгіёнах краіны ў межах акцыі БРСМ “Мы — грамадзяне Рэспублікі Беларусь”.

Не засталіся ўбаку ад рэспубліканскага мерапрыемства і на Браслаўшчыне. Так, у аўторак у РЦК адбылася ўрачыстасць, падчас якой свой першы пашпарт атрымалі 36 юных браслаўчан. Гэта пераможцы алімпіяд, актыўныя ўдзельнікі мастацкай самадзейнасці і грамадскага жыцця, выдатныя спартсмены. Урасчыстасць, якая панавала ў зале, зрабіла для іх гэты дзень асабліва значным і запамінальным. А падтрымаць іх у важны момант прыйшлі ганаровыя госці, настаўнікі, сябры.

Уручэнню самага важнага ў жыцці дакумента папярэднічала віншаванне пракурора раёна Юрыя Кезіка. Ён пажадаў юнакам і дзяўчатам заўсёды быць ініцыятыўнымі, актыўнымі і адказнымі. А таксама зазначыў, што менавіта ад моладзі залежыць далейшае развіццё і росквіт нашай краіны.

Пад гучныя апладысменты Юрый Кезік і начальнік аддзела па грамадзянстве і міграцыі РАУС Юлія Крупенька ўручылі маладым людзям пашпарты і выданні “Я — грамадзянін Рэспублікі Беларусь”. А потым юныя браслаўчане прамовілі клятву маладога грамадзяніна краіны.

Шчырыя словы віншаванняў выказалі юнакам і дзяўчатам запрошаныя госці: вядучы спецыяліст раённай арганізацыі РГА “Белая Русь” Надзея Плясун, старшыня РГА “Беларускі саюз ветэранаў вайны ў Афганістане” Леанід Мікшта, галоўны спецыяліст райкама БРСМ Святлана Лапыр. Выдатным падарункам для віноўнікаў урачыстасці сталі музычныя віншаванні, якія падарылі артысты РЦК, юныя пераможцы розных песенных конкурсаў.

Таццяна Пятушка.

Фота аўтара.