Памяці слаўнага лекара

Люди

Narbut-Stanislav-TeodorovichУ сакавіку гэтага года споўнілася 90 год з дня смерці Станіслава Нарбута, а восенню будзе адзначацца 110 год, як пабудавана лячэбніца па вул. 3 Траўня, на той час адна з лепшых на Віленшчыне.

Станіслаў Тэадоравіч Нарбут нарадзіўся ў каталіцкай сям’і 4 мая 1853 года ў мястэчку Шаўры, што на Гродзеншчыне. Нарбуты паходзяць са старадаўняга літоўска-беларускага шляхецкага роду. Бацька Тэадор Нарбут і маці Хрысціна мелі 11 дзяцей, трое з якіх памерлі ў маленстве. Станіслаў нарадзіўся апошнім, калі маці было 50 гадоў, а бацьку — 68.

У Браслаў С. Нарбут прыехаў у 1882 г. пасля заканчэння Віленскай гімназіі і медыцынскага факультэта Мюнхенскага ўніверсітэта і назаўсёды парадніўся з горадам. Яму палюбіўся наш цудоўны азёрны край, яго добразычлівыя жыхары, Але галоўнае, што тут лекар востра адчуваў патрэбу мясцовага насельніцтва ва ўрачэбнай дапамозе.

З цягам часу, дзякуючы актыўнай дзейнасці гэтага ўрача, у 1906 г. у Браславе адкрылася земская лячэбніца. Пад яго кіраўніцтвам заснавалі добраахвотнае таварыства пажарнай аховы. Абуджаў С. Нарбут і культурнае жыццё краю. Ён стварыў народны тэатр і таварыства цвярозасці, выдаваў газету “Дух Браслава”.

Памёр Станіслаў Тэадоравіч  11 сакавіка 1926 г. і быў пахаваны на Замкавай гары. На ахвяраванні былых пацыентаў на магіле ўрача ўзвялі помнік-маяк з ліхтаром на шпілі, што сімвалізуе клятву Гіпакрата “Свецячы іншым, згараю сам”.

Толькі не заўсёды ён быў надмагільным помнікам. Памятная дошка з надпісам на польскай мове “Памяці Станіслава Осцік Нарбута, тут спачываючага. Жыхары Браслаўскага павета. 1853-1926”, якая  ўпрыгожвала абеліск, у пасляваенныя гады была знішчана. З надыходам савецкай улады вяліся чуткі, што лекар быў дваранінам, а значыць, прыгнятальнікам.  Таму была спроба змясціць на гэтым месцы шыльду загінулым воінам у гады Вялікай Айчыннай гады.

Напярэдадні святкавання 900-годдзя Браслава, якое адзначалася ў 1965 г., вырашылі скарыстаць помнік у гонар заснавання горада. Замест ліхтара змясцілі постаць старажытнага воіна, зробленага з бляхі. Надпіс на рускай мове гучаў так: “Здесь на Замковой горе в 9 веке был основан город Браслав». Побач з помнікам узвялі танцпляцоўку, скульптуру пакарыцелям космаса, шматлікія атракцыёны…  Гэтага дызайну хапіла ненадоўга.

Безыменны помнік стаяў да сярэдзіны 1980-ых гадоў. У гэты час актыўнай частцы браслаўчан  удалося пераканаць улады аднавіць справядлівасць у адносінах да помніка на магіле С. Нарбута. Каардынатарам у гэтай справе быў мясцовы музей. Яго супрацоўнікі мелі на той час толькі адзін фотаздымак і сведчанні людзей пра доктара. Але пошук праводзіўся актыўна: у мясцовым друку змяшчалі публікацыі даследчыкаў пра асобу браслаўскага лекара.

У 1989 г. быў атрыманы дазвол на аднаўленне помніка. Мінскі скульптар А. Дранец у 1990 г. зрабіў бронзавую памятную дошку з тэкстам на беларускай мове лацініцай: “Станіслаў Осцік Нарбут. 1853 — 1926. Лекару ад удзячных браслаўчан”. Помнік зноў стаў адным з сімвалаў горада.

Прайшло чвэрць стагоддзя. За гэты час у Браславе з’явілася вуліца імя слаўнага лекара, на тэрыторыі раённай бальніцы ўтульна змясціўся бюст С. Нарбута, у фае бальнічнага корпуса ёсць інфармацыйны стэнд, прысвечаны першай лячэбніцы і таленавітым пераемнікам справы доктара.

У фондах Браслаўскага раённага аб’яднання музеяў захоўваецца комплекс матэрыялаў пра сям’ю Нарбутаў, які налічвае звыш 400 адзінак. У 2000 г. быў выдадзены гістарычны зборнік “Браслаўскія сшыткі”, які праследжвае лёс народнага доктара. У 2003 г. прайшла навукова-краязнаўчая канферэнцыя, прысвечаная 150-й гадавіне з дня нараджэння Станіслава Нарбута.  Малады мастак з Мінска У. Кандрусевіч глыбока пранікся лёсам  гэтай сям’і і напісаў пяць карцін, адну з якіх падараваў музею.

У 2004 годзе ў Браслаў прыязджалі нашчадкі С. Нарбута, унучкі Яніна Гелерт (Польшча) і Марыя Заха (Данія), якія наведалі магілу дзеда, прынялі ўдзел у святой імшы і падаравалі музею архіўныя дакументы, фотаздымкі. Яны наведалі былы комплекс лячэбніцы, дзе цяпер знаходзіцца Свята-Панцеляймонаўскі манастыр з капліцай. Жанчыны адзначылі: глыбока сімвалічна, што будынак, дзе раней лячылі цела, будзе служыць надалей для лячэння душы.

Аліна Выжыкоўская,

малодшы навуковы супрацоўнік па

фондавай рабоце

 раённага аб’яднання музеяў.

 

У. Кандрусевіча “Станіслаў Нарбут”. 2002г.