Часам для таго, каб кардынальна змяніць сваё жыцця, неабходна зрабіць рашучы крок. Але для гэтага неабходна падтрымка родных, упэўненасць у сябе і вера ў тое, што задуманае спраўдзіцца. У браслаўчанкі Ілоны Таўкінь атрымалася ператварыць свае мары ў рэальнасць.
— Калі я заканчвала каледж па спецыяльнасці турызм, то было адчуванне, што гэта не маё. Пэўны час я працавала, затым пайшла вучыцца далей, але ўсё-роўна імкненне да творчасці перамагло, — прызнаецца Ілона падчас сустрэчы і адначасова шые чарговую цацку-абярэг.
Некалі менавіта яна паклала пачатак яе хобі, якое праз некаторы час перарасло ў краму з адмысловымі рэчамі. Пачаць уласную справу маладой дзяўчыне, па яе прызнанні, было страшна. Напачатку неабходна было вырашыць шмат адміністрацыйных і юрыдычных пытанняў, вывучыць нюансы падаткаабкладання і іншае. На шчасце, знайшліся людзі, якія дапамаглі разабрацца ва ўсім і давалі слушныя парады.
— Цяпер памяшканне арандую, яго касметычны рамонт рабіла разам з мужам, — кажа дзяўчына. — Сама вяду неабходную дакументацыю і падбіраю тавар.
На паліцах крамы — вырабы рамеснікаў Браслаўшчыны, якія яны прыносяць на рэалізацыю. Шмат сувеніраў зроблена рукамі Ілоны. Творчая натура, яна спрабуе сябе ў розных напрамках рукадзелля. Лялькі і цацкі з тканіны, упрыгожванні, паштоўкі — дзяўчына эксперыментуе з матэрыяламі і колерамі, упрыгожвае вырабы вышыўкай і іншае. Неаднойчы арыгінальна афармляла падарункі пераможцам розных мерапрыемстваў і конкурсаў. Натхненне для творчасці знаходзіць на выстаўках, спектаклях і ў музыцы.
— Хочацца рабіць больш вырабаў з родным, беларускім арнаментам. Планую пашырыць асартымент сувеніраў з сімваламі Браслава. Хочацца, каб не толькі браслаўчанін мог знайсці для сябе рэч па душы, але і турысты, якія заходзяць да нас, маглі павезці з сабой часцінку Браслаўшчыны.
Планаў на развіццё крамы ў Ілоны шмат. Вядома ж, на ўсе спатрэбіцца час, але жадання і энтузіязму для гэтага таксама хапае. Вось так захапленне рукадзеллем можа прыносіць не толькі задавальненне для душы, але і стаць асновай для ўласнай справы.
Алена Набеева.
Фота аўтара.