Падарунак ад пагранічнікаў

Главное

IMG_0674У ахове дзяржаўнай мяжы з пагранічнікамі цесна супрацоўнічае і дапамагае насельніцтва прыгранічча, тым самым яшчэ раз падкрэсліваючы, што абыякавых у справе абароны рубяжоў краіны не бывае.

Так, у раёнах, падначаленых Полацкаму пагранічнаму атраду дзейнічаюць добраахвотныя дружыны, ды і ўвогуле насельніцтва пры першым з’яўленні ў прыграніччы падазроных асоб тут жа паведамляе ваеннаслужачым у зялёных фуражках пра такія факты. Да таго ж цесна супрацоўнічаюць з пагранічнікамі сельсаветы, розныя ўстановы і арганізацыі.

Значная работа праводзіцца і з боку ваеннаслужачых Полацкага пагранічнага атрада. Гэта і ўзнагароджванне лепшых памочнікаў, цікавыя сустрэчы са школьнікамі, прафілактычныя мерапрыемствы для насельніцтва прыгранічча.

Сёлета ў Полацкага пагранічнага атрада з’явілася добрая ідэя адносна таго, як яшчэ больш актывізаваць работу з насельніцтвам. Так, напрацягу ўсяго гэтага года будзе праводзіцца інфармацыйна-прапангандысцкая акцыя для жыхароў прыгранічча. Ваеннаслужачыя атрада завітаюць ва ўсе буйныя населеныя пункты Верхнядзвінскага, Мёрскага і Браслаўскага раёнаў. Акцыя ўжо прайшла ў Асвеі, Бігосава, Сар’і, Павяцці, першым населеным пунктам у нашым раёне стаў аграгарадок Друя.

У мясцовым Доме культуры перад вяскоўцамі спачатку выступіў начальнік аддзялення інфармацыі і прапаганды аддзела ідэалагічнай работы атрада Дзмітрый Міллер. Ён расказаў прысутным пра асноўныя новаўвядзенні ў заканадаўстве пра дзяржаўную мяжу, недапушчэнне парушэнняў, а школьнікам нагадаў пра парадак паступлення ў Інстытут пагранічнай службы. Дапоўніў яго старшы афіцэр кіравання аховы дзяржаўнай мяжы Вячаслаў Каралёў, які зазначыў, што ў мінулым годзе на ўчастку адказнасці пагранпаста “Друя” былі затрыманы 20 парушальнікаў мяжы, 109 — пагранічнага рэжыму. Ён яшчэ раз нагадаў мясцовым жыхарам пра неабходнасць афармлення пропуску на здабычу рыбы, правілы выпасу жывёлы ў прыграніччы, парадак знаходжання замежных грамадзян у населеным пункце і іншае.

А прыемным падарункам усім, хто завітаў на сустрэчу з пагранічнікамі стаў канцэрт ад ваеннага аркестра Полацкага пагранатрада. Вяскоўцаў пакарылі і прафесіяналізм артыстаў, і жывая музыка, і выдатныя сольныя нумары. Рэпертуар канцэртнай праграмы склалі музычныя кампазіцыі самай рознай тэматыкі. Арганічна спалучаліся ваенна-патрыятычныя, лірычныя і вясёлыя песні. Вяскоўцы не заставаліся абыякавымі, яны з задавальненнем падпявалі любімыя шлягеры, а некаторыя, не стрымліваючы эмоцыі, нават пускаліся ў танцы.

Таццяна Пятушка.

Фота аўтара.