— Здаўна хлебаробы жывуць па-свойму, пакаленнямі вывераным веснавым календары. Адлік часу да будучага ўраджаю яны пачынаюць нават не з таго дня, калі першыя зярняты насення лягуць у глебу, а з моманту, калі кожны з кіраўнікоў, інжынераў, аграномаў можа сказаць сабе: «Я поўнасцю гатовы распачаць палявыя работы». На жаль, у нас такое сабе могуць дазволіць лічаныя адзінкі. А таму настройвайце сябе, сваіх людзей на самы напружаны графік работ, каб не ўпусціць ніводнай спрыяльнай мінуты, — гаварыў пры адкрыцці семінара-нарады па падрыхтоўцы сельгаспрадпрыемстваў да веснавых палявых работ старшыня райвыканкама Уладзімір Дранеўскі.
Узгаданае мерапрыемства праходзіла ў мінулую сераду на базе Відзаўскага каледжа. Чаму менавіта гэты аб’ект быў выбраны для яго правядзення скажу крыху пазней. Асноўным жа пытаннем на парадку дня семінара стаяла абмеркаванне гатоўнасці гаспадарак раёна да веснавой сяўбы.
Дасканалы разбор усіх пунктаў плана пасяўной кампаніі зрабіў начальнік райсельгасхарча Максім Чагарын. І пачаў ён з непрыемнага для большасці кіраўнікоў і аграномаў. З 15 сакавіка, падкрэсліваў ён, у раёне поўным ходам можна было весці пасеў шматгадовых траў. Як след гэтую работу наладзілі толькі ў «Агравідзах» і «Друйскім». Хаця і пазней, але вывялі на палеткі сеялкі ў «Слабодцы-агра» і «Альшанцы». Астатнія ж невядома чаго чакаюць. І аб’ектыўных прычын таму, лічыць кіраўнік сельскагаспадарчай галіны, няма.
Сёлетняя вясна будзе асабліва напружанай яшчэ і таму, што з восені засталіся не ўзнятымі амаль 11 тысяч гектараў глебы. І каб своечасова завяршыць увесь комплекс работ, трэба абавязкова наладзіць ворыва ў дзве змены, а для гэтага, перш за ўсё, неабходна надзейна адрамантаваць энерганасычаныя трактары, каб яны не прастойвалі ў баразне.
Менавіта на ходзе рамонту тэхнікі і прычапнога інвентару завастраў увагу прысутных галоўны спецыяліст аддзела механізацыі ўпраўлення райсельгасхарча Максім Сельскі. З энерганасычаных трактараў тыпу МТЗ-3022 неадрамантаванымі стаяць 4 («Агравідзы», «Мяжаны» і аграсэрвіс). Горш абстаяць справы з падрыхтоўкай МТЗ-1221 — няспраўных аж 20. Таму ўсе сілы і трэба сканцэнтраваць на іх рамонце.
Намеснік начальніка ўпраўлення райсельгасхарча Уладзімір Бараноўскі напомніў пра тэхналагічныя патрабаванні сяўбы розных культур, падкормкі азімых і траў, не пакінуў па-за ўвагай і арганізацыю завозу элітнага насення, накапленне мінеральных тукаў.
У заключэнне семінара-нарады майстры вытворчага навучання Відзаўскага каледжа наладзілі практыкум-вучобу па наладцы і рэгуліроўцы глебаапрацоўчых агрэгатаў і машын для ўнясення цвёрдых мінеральных угнаенняў.
Прычым паказвалі ўсё як трэба рабіць не «на пальцах» а канкрэтана ля кожнага агрэгата, для чаго ўсе механізамы былі сабраны на вучэбнай пляцоўцы.
Аляксандр Азевіч. Фота ўатара.